Беларусы сабралі для сабачага прытулку больш за 105 тысяч рублёў
- 1.10.2026, 22:02
Усяго за два дні.
Для сабачага прытулку «Хатико» ў Бабруйску, які ўтрымлівае таварыства абароны жывёл «Пяць свабод», за два дні сабралі 105 тысяч рублёў, неабходныя для куплі зямлі, дзе жывуць жывёлы. Пра гэта старшыня арганізацыі Алена Грэўцава расказала ў Instagram, перадае «Зеркало».
Пра тое, што прытулак выселяюць з участка, дзе некалькі гадоў стаяць вальеры са 160 сабакамі, Алена расказала два дні таму.
«Мы купілі былы будынак кафэ некалькі гадоў таму пад прытулак. На дадзены момант у нас знаходзіцца каля 300 сабак. Побач з нашым прытулкам мы ўзялі ў арэнду тэрыторыю 36 сотак зямлі, каб размясціць там нашых сабачак. Мы пабудавалі вальеры, там на сённяшні дзень каля 160 сабак. Гэтую тэрыторыю выставілі на продаж. Уласнік тэрыторыі падаў на нас у суд. Натуральна, суд мы прайгралі», — расказала Алена.
Паводле рашэння суда вызваліць тэрыторыю прытулак павінен быў да 2 кастрычніка. На працягу месяца валанцёры спрабавалі вырашыць пытанне сваімі сіламі. Кіраўніцтва горада прапанавала ім некаторыя варыянты, але дзяліць прытулак на дзве часткі валанцёры палічылі немэтазгодным. А пераехаць разам з усімі 300 сабакамі было вельмі дорага. Таму ў валанцёраў заставалася толькі два варыянты: або выкупіць гэтую тэрыторыю, якая каштуе 105 тысяч рублёў, або выпусціць усіх сабак.
«Але сабак мы выпусціць не можам, атрымліваецца, тады іх давядзецца ўсыпіць. Мы вельмі просім дапамогі, збору сродкаў. Сябры, у нас засталося зусім мала часу, але мы верым у сілу інтэрнэту, мы верым у любоў», — звярнулася Алена да падпісчыкаў два дні таму.
Ужо ўвечары 1 кастрычніка яна паведаміла, што ўся неабходная сума на куплю зямлі сабраная.
«Сябры! Гэта перамога, і ўсё гэта адбылося толькі дзякуючы вам, вашай падтрымцы і вашай веры ў тое, што ў нас усё атрымаецца! Усе сабраныя грошы звыш сумы пойдуць на добраўпарадкаванне той самай зямлі, якую нам з вамі ўдалося выкупіць! Мы вельмі хочам перасяліць сабачак з будынка ў вулічныя вальеры. Сабраная сума дазволіць нам забяспечыць хвасцікам лепшыя ўмовы!» — расказала Алена.