Каллас расказала, калі Еўропа прапануе Украіне аналаг Starlink
- 16.10.2026, 17:32
- 1,298
Частка паслуг Starlink будзе забяспечана за кошт еўрапейскіх спадарожнікавых магутнасцяў.
Еўропа не зможа ў кароткатэрміновай перспектыве замяніць для Украіны вайсковую версію спадарожнікавай сувязі Starlink, якую ўкраінскі бок выкарыстоўвае для сувязі на фронце і кіравання беспілотнікамі. Пра гэта заявіла Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Каллас, піша Anadolu Ajansı.
Каллас падкрэсліла, што амерыканская спадарожнікавая сувязь Starlink па-ранейшаму мае крытычна важнае значэнне для Кіева (маецца на ўвазе сістэма Starshield, якая з'яўляецца ваенным сэрвісам Starlink — прым. рэд.). Яна прызнала, што Еўропа не зможа ў кароткатэрміновай перспектыве замяніць яе для Украіны.
Кіраўніца еўрадыпламатыі заклікала ЗША ўзмацніць ціск на Расію, каб яна скончыла вайну супраць Украіны. Пры гэтым Каллас прызнала, што Еўропе цяпер «цяжка ўзаемадзейнічаць з амерыканскімі саюзнікамі».
Да гэтага прадстаўнік Еўракамісіі Тома Рэньё заявіў, што Еўразвяз зможа забяспечыць Украіне частку паслуг Starlink за кошт еўрапейскіх спадарожнікавых магутнасцяў і камерцыйных аператараў. Першыя спадарожнікі еўрапейскай сеткі IRIS з'явяцца на наваколазямной арбіце ў 2029 годзе (групоўка будзе складацца з 348 спадарожнікаў).
Нагадаем, 14 кастрычніка ў тэрміналаў Starshield ва Украіне з'явілася абмежаванне хуткасці на ўзроўні каля 160 км/гадз. Пры перавышэнні гэтага парога сувязь з БПЛА знікае.