Генштаб ЗСУ разаблачыў хлусню Герасімава
- 17.10.2026, 15:28
Украінцы вызвалілі больш тэрыторый, чым здолелі акупаваць расіяне.
Генеральны штаб ЗСУ абверг даклад начальніка Генштаба Узброеных Сіл дзяржавы-агрэсара Расіі Валерыя Герасімава, у якім гаварылася пра захоп з 1 верасня больш за 1800 кв. км украінскай тэрыторыі і 92 населеных пунктаў.
Паводле слоў прэс-сакратара Генштаба ЗСУ маёра Андрэя Кавалёва, які паведаміў пра гэта («РБК-Украіна»https://www.rbc.ua/rus/news/genshtab-sprostuvav-vigadki-gerasimova-prosuvannya-1792229778.html), насамрэч з пачатку восені Сілы абароны вызвалілі больш тэрыторый, чым здолелі акупаваць расіяне. Расійская армія не мае вагомых поспехаў на полі бою, таму яе камандаванне малюе для Крамля і ўнутранай аўдыторыі карціну маштабных перамог. Даклад Герасімава Кавалёў назваў чарговым прыкладам хлусні, маніпуляцый і перабольшанняў.
«Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны валодае фактамі, якія абвяргаюць ілжывыя заявы расійскага камандавання пра сітуацыю на лініі баявога сутыкнення», – падкрэсліў ён.
Сярод такіх выдумак — нібыта захоп Дабраполля, якое застаецца пад кантролем Украіны. Выдаваць жаданае за сапраўднае ў Маскве пачалі не ўпершыню: яшчэ 1 верасня Уладзімір Пуцін абвясціў пра захоп Святагорска, аднак горад па-ранейшаму знаходзіцца пад кантролем Сіл абароны.
Генштаб абверг і заяву пра захоп Канстанцінаўкі: па стане на раніцу 17 кастрычніка там захоўваюцца пазіцыі ўкраінскіх войскаў і працягваюцца баі. Аляксеева-Дружкоўку вораг таксама не захапіў, а размовы пра выхад расіян на ўскраіны Краматорска не маюць нічога агульнага з рэальнай сітуацыяй на фронце.
Не пацвярджаюцца і сцвярджэнні пра наступ у прыгарадзе Славянска і кантроль над больш чым паловай Мікалаеўкі. Насамрэч на паўднёвую ўскраіну горада пранікла невялікая група акупантаў, і ўкраінскія падраздзяленні праводзяць ударна-пошукавыя дзеянні, каб яе знішчыць.
На поўдні Герасімаў далажыў пра баі за Арэхаў і захоп Новапаўлаўкі і Новаандрэеўкі. Паводле дадзеных Генштаба ЗСУ, па стане на 17 кастрычніка ўсе тры населеныя пункты кантралююцца ўкраінскімі вайскоўцамі.