У дзень найбуйнейшай атакі дронаў на Пецярбург дзяржканалы РФ паказвалі акцыі пратэсту ў Францыі
1- 19.10.2026, 20:56
Удары па Ozon, «ВКонтакте», па нафтавых тэрміналах і іншых аб’ектах расійская прапаганда не заўважыла.
Тры галоўныя федэральныя тэлеканалы Расіі прысвяцілі масіраванай атацы беспілотнікаў на Пецярбург і Ленінградскую вобласць менш за пяць хвілін эфіру за нядзелю, 18 кастрычніка, і раніцу панядзелка. Беспарадкам у Францыі за той жа час яны аддалі больш за гадзіну.
Руская служба Бі-Бі-Сі вывучыла 20 выпускаў навін «Расіі 1», Першага канала і НТВ ад ранку нядзелі да паўдня панядзелка. Ні ў адным з іх не было асобнага рэпартажу пра атаку БПЛА: толькі кароткія паведамленні вядучых працягласцю не больш за хвіліну. Раніцай у панядзелак пра атаку не згадаў ніводзін з каналаў. Пры гэтым пра Францыю распавядалі ва ўсіх 20 выпусках.
У нядзелю раніцай і ўдзень «Вести» на «Расіі 1» не сказалі пра атаку БПЛА ані слова.
Упершыню яе згадалі ў 17-гадзінным выпуску — як падставу для ўдараў у адказ па Украіне. У «Вестях недели» тэме аддалі паўхвіліны: вядучы Яўген Папоў паведаміў пра загінулага і адразу перайшоў да таго, што дроны «зноў ішлі на Піцер праз тэрыторыю Прыбалтыкі», а Зяленскі, «дэманстратыўна ігнаруючы просьбы Трампа», б'е па расійскіх НПЗ. Асобныя сюжэты пра Пецярбург ВГТРК паказала толькі на «Расіі 24» і ў рэгіянальных «Вестях. Санкт-Пецярбург».
Пры гэтым «Расія 1» і «Расія 24» некалькі разоў за нядзелю паказалі адзін і той самы рэпартаж, у якім распавядалася, як пратэстоўцы «штурмуюць мэрыю» Парыжа «пад крыкі \"Бярэм Бастылію\"». «Пятая рэспубліка ўжо амаль месяц у агні», сцвярджалі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала.
Адзін толькі рэпартаж «Францыя ў полымі» ў тых жа «Вестях недели» цягнуўся амаль сем хвілін — даўжэй, чым усе паведамленні пра атаку на Пецярбург на трох федэральных каналах разам узятыя. Паўхвіліны з іх (столькі ж, колькі Пецярбургу) Папоў аддаў чэце Макронаў, якая, паводле яго слоў, «адплясвае на канцэрце канадскай дывы Селін Дыён» у прыгарадзе Парыжа.
Першы канал і ў «Новостях», і ў «Воскресном времени», гаворачы пра Пецярбург, абмежаваўся кароткімі (каля 30 секунд) паведамленнямі вядучых. Затое рэпартаж пра Францыю ў «Воскресном времени» ішоў дзевяць з паловай хвілін.
НТВ двойчы пачынаў выпускі «Сегодня» з паведамленняў пра атаку, але кожны раз укладаўся ў хвіліну. У «Итогах недели» Пецярбургу дасталася паўхвіліны ўнутры сюжэта пра Украіну, Францыі аддалі сем з паловай хвілін. З іх паўтары хвіліны вядучы Уладзімір Чарнышоў прысвяціў аповеду пра часы Людовіка XVI.
У выніку атакі загарэліся нафтавы тэрмінал у порце і нафтабаза «Ручьи», удары таксама прыйшліся па складзе Ozon і дата-цэнтру VK.