20 кастрычнiка 2026, aўторак, 6:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі правёў анлайн-сустрэчу з дэлегацыяй Кангрэса ЗША

Зяленскі правёў анлайн-сустрэчу з дэлегацыяй Кангрэса ЗША
ФОТА: GETTY IMAGES

Абмяркоўвалі Starlink і папярэджанні аб балістыцы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у панядзелак, 19 кастрычніка, пагутарыў у анлайн-рэжыме з біпартыйнай дэлегацыяй Сената і Палаты прадстаўнікоў ЗША.

Ён расказаў кангрэсменам пра сітуацыю на фронце і абмежаванні з боку Вашынгтона, а таксама прапанаваў новы варыянт энергетычнага перамір’я. Пра гэта паведамілі ў Офісе Прэзідэнта Украіны.

Сустрэчу арганізавалі сенатары Рычард Блюменталь і Том Тыліс. Зяленскі пачаў з аповеду пра атаку шахедаў на Харкаўскую вобласць, у выніку якой загінулі шэсць чалавек, у тым ліку маці з дзіцем, якому было крыху больш за год. Прэзідэнт паказаў кангрэсменам фотаздымкі з месца трагедыі і заявіў, што менавіта так Расія рэагуе на зняцце санкцый і аслабленне ціску.

Ён таксама паведаміў, што Украіна ўжо трэці раз за кароткі прамежак часу не атрымала ад амерыканскай сістэмы ранняга папярэджання сігналу аб расійскай балістыцы. Так адбылося і мінулай ноччу, падчас першай хвалі ракетнай атакі.

«Мы не атрымалі ніякага выразнага тлумачэння ад нашых партнёраў, нашых стратэгічных партнёраў, ад Вашынгтона, чаму гэта адбываецца», — заявіў Зяленскі.

Без адказу застаюцца і абмежаванні хуткасці працы Starlink і Starshield на розных участках фронту. Прэзідэнт патлумачыў, што праз іх церпяць лагістыка, удары на сярэднюю глыбіню і абарона ад шахедаў, а найцяжэй — збіваць рэактыўныя мэты. Замест тлумачэнняў, паводле яго слоў, Кіеў чуе толькі «розныя дзіўныя гісторыі».

Зяленскі нагадаў, што Украіна падтрымала ініцыятыву Трампа аб энергетычным перамір’і, аднак Расія працягнула наносіць удары па энергетыцы. Пуцін, паводле яго слоў, адхіліў прапанову спыніць удары па ўкраінскай энергасістэме ў абмен на адмову Украіны ад удараў па расійскіх НПЗ. Тады Кіеў прапанаваў іншы варыянт, падказаны самімі членамі Кангрэса: спыніць удары па расійскіх НПЗ на 30 дзён, калі ЗША цягам гэтага часу будуць дапамагаць абараняць украінскае неба ракетамі для комплексаў «Пэтрыёт».

«Гэта было б справядліва. Я ўпэўнены. Але, на жаль, мы не пачулі пра гатоўнасць дапамагчы і з гэтым варыянтам», — сказаў прэзідэнт.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі паскарэнне паставак ракет для «Пэтрыётаў» у межах праграмы PURL. Зяленскі расказаў пра кантакты з пасланцамі Трампа Стывам Уіткофам і Джарэдам Кушнерам, падзякаваў сенатару Ліндсі Грэму за падтрымку законапраекта аб санкцыях і выказаў шкадаванне з нагоды таго, што дакумент дагэтуль не ўступіў у сілу. Кангрэсмены запэўнілі, што падтрымліваюць намаганні, якія спрыяюць завяршэнню вайны. Каманды бакоў працягнуць працу над абмеркаванымі пытаннямі.

9 кастрычніка ў тэлефоннай размове з Пуціным Трамп дамовіўся аб пастаўках на амерыканскі і сусветны рынкі сотняў тысяч тон расійскага дызельнага паліва. Прэзідэнт ЗША растлумачыў, што гэта павінна збіць цэны на паліва.

Неўзабаве ўзніклі праблемы з папярэджаннямі аб балістыцы. Увечары 12 і 13 кастрычніка трывогу з-за расійскіх ракет абвяшчалі ўжо пасля першых выбухаў, а ў ноч на 14 кастрычніка партнёры, паводле дадзеных Паветраных сіл, спачатку не папярэдзілі пра ўдар. У той жа дзень Зяленскі пацвердзіў, што ЗША пагражалі спыніць абмен разведдадзенымі, калі Украіна не перастане наносіць удары па расійскіх НПЗ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲