Расійскі Ozon прадае вокладкі з «Пагоняй»
1- 20.10.2026, 19:33
- 2,774
Нацыянальны герб Беларусі ўзбударажыў лукашыстаў.
Па патрабаванні пракуратуры Баранавіцкага раёна інтэрнэт-крама выключыла з каталога вокладкі з гербам «Пагоня». Продаж такога тавару мог негатыўна адабіцца на «грамадзянскім і патрыятычным выхаванні», заявілі ў пракуратуры.
Баранавіцкая міжраённая пракуратура выявіла на маркетплэйсе Ozon «тавар з элементамі, прызнанымі судам экстрэмісцкімі матэрыяламі», перадае «Зеркало».
«У прыватнасці, прадавец рэалізоўваў набор вокладак для дакументаў з выявамі бела-чырвона-белых палос і белага вершніка на чырвоным фоне — на кані з мячом і шчытом у руках», — распавялі ў пракуратуры.

Там адзначылі, што падобны тавар «можа быць рэалізаваны няпэўнаму колу асоб, у тым ліку моладзі». А гэта негатыўна адаб'ецца на «грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, фарміраванні ў маладых людзей духоўна-маральных каштоўнасцяў, грамадзянскасці і патрыятызму».
Ад кіраўніка інтэрнэт-крамы патрабавалі неадкладна выключыць з продажу названы тавар.
«Прадпісанне выканана ў поўным аб'ёме — тавары больш недаступныя для набыцця на тэрыторыі Беларусі», — адрапартавала пракуратура.
Нагадаем, што канкрэтна былыя дзяржаўныя сімвалы (1991–1995 гг.) — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» — напрамую не забароненыя і не прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі ў Беларусі. Аднак сілавікі дэ-факта лічаць іх такімі — у адпаведным спісе неаднаразова сустракаюцца і герб, і сцяг у розных варыяцыях.
Адзначым, што герб «Пагоня» з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Але гэта не перашкаджае сілавікам лічыць любое выкарыстанне герба або БЧБ-сцяга пікетаваннем — за гэта можна атрымаць штраф або «суткі».