Тры даты, якія могуць змяніць ход вайны ва Украіне
- 21.10.2026, 8:08
The Atlantic раскрыў ключавыя моманты.
Найбліжэйшыя восем тыдняў могуць стаць крытычнымі для Украіны. На фоне набліжэння зімы, пагрозы расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры і змянення пазіцыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў адносінах да Масквы Кіеў сочыць адразу за трыма палітычнымі падзеямі ў ЗША і Азіі. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле амерыканскага выдання The Atlantic, апублікаваным 20 кастрычніка 2026 года.
Паводле ацэнкі The Atlantic, будучыня Украіны вызначыцца да 2027 года дзякуючы падзеям за яе межамі. Яны датычацца ўнутранай палітыкі ЗША, кантактаў Трампа з Пуціным і Кітаем, а таксама магчымых перамоваў аб спыненні вайны.
Выбары ў Кангрэс ЗША — 3 лістапада
Першай важнай падзеяй стануць прамежкавыя выбары ў Кангрэс ЗША, падчас якіх амерыканцы абяруць новы склад Палаты прадстаўнікоў і частку Сената. Вынікі выбараў, якія павінны адбыцца на пачатку лістапада, вызначаць, ці захаваюць рэспубліканцы кантроль над абедзвюма палатамі Кангрэса, ці дэмакраты змогуць атрымаць большасць хаця б у адной з іх.
Паводле даных журналістаў Джонатана Леміра і Саймона Шустэра, прадстаўнікі абедзвюх партый прагназуюць перамогу дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў, у той час як зыход барацьбы за Сенат пакуль застаецца нявызначаным.
У Кіеве спадзяюцца, што ўзмацненне пазіцый дэмакратаў можа абмежаваць магчымасці Трампа аказваць ціск на Украіну. У той жа час існуюць апасэнні, што прэзідэнт ЗША, пазбаўшыся падтрымкі Кангрэса, засяродзіцца на знешняй палітыцы, дзе ў яго больш свабоды для самастойных рашэнняў.
Новы склад Кангрэса прыступіць да працы толькі 3 студзеня 2027 года. Да гэтага моманту Трамп зможа дзейнічаць, не падпадаючы пад уплыў новага раскладу сіл у заканадаўчым органе.
Магчымая сустрэча Трампа, Пуціна і Сі Цзіньпіна ў Кітаі
Другі важны момант — прапанаваная Пуціным трохбаковая сустрэча з Трампам і старшынём КНР Сі Цзіньпінам. Паводле інфармацыі The Atlantic, яна можа адбыцца ў сярэдзіне лістапада ў кітайскім Шэньчжэне, у межах саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва.
Сярод магчымых тэм сустрэчы — вайна Расіі супраць Украіны і шляхі яе завяршэння. Аднак у прапанаваным фармаце Украіна не будзе прадстаўленая за перамоўным сталом.
Гэта выклікае непакой у Кіеве, бо вялікія дзяржавы могуць паспрабаваць дамовіцца аб размеркаванні сфер уплыву, не ўлічыўшы пазіцыю краіны, на тэрыторыі якой працягваецца вайна.
Адзін з украінскіх чыноўнікаў, якога цытуе The Atlantic, апісаў гэтыя апасенні наступным чынам: «Наша занепакоенасць заключаецца ў тым, што яны разглядаюць гэта як новую Ялцінскую канферэнцыю, каб падзяліць свет на сферы ўплыву».
Ідзе гаворка пра гістарычную аналогію з Ялцінскай канферэнцыяй 1945 года, на якой лідары СССР, ЗША і Вялікабрытаніі абмяркоўвалі пасляваеннае ўладкаванне Еўропы.
Трамп паведаміў журналістам, што гатовы разгледзець магчымасць удзелу ў сустрэчы. Для яго гэта была б першая асабістая сустрэча з Пуціным пасля перамоваў на Алясцы ў жніўні 2025 года, якія, паводле ацэнкі выдання, не прынеслі вынікаў.
Саміт «Групы дваццаці» ў снежні і магчымыя перамовы аб міры
Трэцім важным момантам можа стаць саміт «Групы дваццаці» (G20), запланаваны на сярэдзіну снежня ў ваколіцах Маямі, штат Фларыда, на тэрыторыі гольф-клуба Трампа. Паводле The Atlantic, Дональд Трамп разглядае гэтую сустрэчу як магчымасць дасягнуць дамоўленасці аб спыненні вайны Расіі супраць Украіны.
Прэзідэнт Украіны ўжо згадзіўся ўзяць удзел у саміце і заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з Пуціным дзеля спынення вайны. Аднак расійскі дыктатар на момант публікацыі яшчэ не пацвердзіў свой удзел.
Дарэчы, магчымая прысутнасць Пуціна на саміце мае сімвалічнае значэнне. Калі ён возьме ўдзел у шматбаковай сустрэчы ў заходняй краіне, гэта стане яго першым падобным візітам пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, піша The Atlantic.
У той жа час галоўнае пытанне заключаецца не толькі ў тым, ці адбудзецца сустрэча, але і ў тым, якія ўмовы могуць быць прапанаваныя бакам. Кіеў раней адхіляў тэрытарыяльныя ўступкі, у прыватнасці адмову ад прэтэнзій на Данбас. Аўтары матэрыялу папярэджваюць, што пры пэўным сцэнары перамовы могуць ператварыцца не ў пошук узаемапрымальнага пагаднення, а ў прымус Украіны да нявыгадных умоў.