Трамп хоча ператварыць прэс-цэнтр у Белым доме ў басейн
6- 21.10.2026, 14:33
- 1,802
Крыты басейн быў пабудаваны ў 1933 годзе для прэзідэнта Франкліна Рузвельта.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў жаданне выселіць журналістаў, акрэдытаваных пры Белым доме, а памяшканне, дзе праходзяць брыфінгі, ператварыць у крыты басейн.
Пра гэта напісала The New York Times 20 кастрычніка.
Паводле інфармацыі выдання, Трамп казаў пра гэта ў жніўні 2026 года з тагачаснай прэс-сакратаркай Белага дома Кэралін Лівіт. У прыватнасці, ён прапаноўваў вывесці журналістаў з пакоя для брыфінгаў імя Джэймса С. Брэды, што фактычна выселіла б прадстаўнікоў СМІ з Белага дома. Трамп заявіў Лівіт, што гэта будзе яе «апошняя спадчына».
Прапанову Трампа не рэалізавалі за час працы Лівіт на пасадзе прэс-сакратаркі — хоць, паводле слоў трох суразмоўцаў выдання, Трамп некалькі разоў звяртаўся да яе з такой просьбай.
27 жніўня Кэралін Лівіт афіцыйна пакінула пасаду прэс-сакратаркі Белага дома.
Таксама, паводле NYT, Трамп казаў сваім памочнікам, што хоча вярнуць крыты басейн, пабудаваны ў 1933 годзе для прэзідэнта Франкліна Д. Рузвельта — для лячэння ног, паражаных паліяміэлітам. За прэзідэнцтва Рычарда Ніксана басейн накрылі, каб такім чынам вызваліць месца для прэсы. Акрэдытаваныя пры Белым доме журналісты працуюць у невялікім офісным памяшканні, злучаным з пакоем для брыфінгаў.
«Хоць выселенне СМІ з Белага дома можа і не быць настолькі рэзананснай тэмай для абмеркавання, у кантэксце значна шырэйшых атак прэзідэнта Трампа на журналістаў гэта было б вельмі сімвалічна», — адзначыла NYT. І падкрэсліла, што блізкасць СМІ да месца знаходжання выканаўчай улады ЗША лічыцца прызнаннем важнасці свабоднай прэсы ў канстытуцыйнай дэмакратыі.
Дональд Трамп звяртаўся да ідэі выселення журналістаў яшчэ падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну і, відаць, ніколі ад яе не адмаўляўся. Паводле крыніц выдання, прэсу могуць выселіць у будынак выканаўчага офіса імя Эйзенхаўэра, які знаходзіцца праз дарогу.
27 верасня Дональд Трамп падзяліўся ў сацсетцы Truth Social фатаграфіямі, на якіх адлюстраваны пакой для брыфінгаў у яго цяперашнім выглядзе, з подпісам «Фэйкавыя навіны, і “пераасэнсаваная” версія — пазалочаны басейн з подпісам Басейн Рузвельта».

У маі 2026 года Сенат ЗША прагаласаваў супраць уключэння ў рэспубліканскі законапраект аб выдзяленні аднаго мільярда долараў на бяспеку іншага праекта Трампа — бальнага залу ў Белым доме.
Сам Трамп заяўляў, што новы бальны зал стане не толькі месцам для свецкіх мерапрыемстваў, але і аб’ектам, які забяспечвае нацыянальную бяспеку, з шасцю падземнымі паверхамі і інфраструктурай для супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны.