У Полацку вырабляюць браняжылеты з сімваламі вайны супраць Украіны
2- 21.10.2026, 15:43
- 1,320
Прадукцыю брэнда ZoV прадаюць у Расіі як «правераную ў баявых умовах».
Полацкае ТАА «ПОЛСПО» вырабляе мадульныя браняжылеты пад назвай ZoV. На расійскім сайце, які прадае прадукцыю гэтага брэнда, камплект рэкламуюць як «правераны ў баявых умовах» і спасылаюцца на водгук падраздзялення беспілотнікаў штурмавай брыгады, піша «Белсат».
Увагу на браняжылеты звярнулі карыстальнікі Threads. Такія сапраўды ёсць у каталогу на афіцыйным сайце «ПОЛСПО»:
«Браняжылет мадульны «ZoV» прызначаны для абароны чалавека ад уздзеяння агнястрэльнай зброі, паражэння асколкамі, а таксама для зніжэння забранявай лакальнай кантузійнай траўмы».

Адзначаецца, што яго керамічныя панэлі абараняюць жыццёва важныя органы паводле класа Бр5.
Што азначае назва ZoV, вытворца не тлумачыць. Аднак спалучэнне вялікіх літар Z і V шырока выкарыстоўваецца як сімвал расійскай вайны супраць Украіны.
У Расіі камплект прадае сайт polspo-russia.ru – з кантактамі ў Санкт-Пецярбурзе і адрасам вытворчасці ў Полацку. Юрыдычна ён аформлены на расійскага індывідуальнага прадпрымальніка.

Браняжылет мадульны ZoV, як адзначаецца на расійскім сайце, складаецца з браняжылета, браняпліт (Бр5 ад «ПОЛСПО»), ахоўнага пояса, аховы паху, камплекта падсумкаў.
Прадавец падкрэслівае, што камплект «правераны ў баявых умовах», і спасылаецца на «афіцыйны водгук атрада БПЛА разведвальна-штурмавой брыгады». Паводле яго слоў, байцы пасля працяглай эксплуатацыі ў цяжкіх палявых умовах прызналі браняжылет адным з найлепшых у сваім класе.
Там жа пазначана, што камплект сертыфікаваны па расійскім ГОСТ 34286-2017, а «вытворчасць сертыфікавана па ТУ BY 391615915.016-2022». Нумар тэхнічных умоў сведчыць, што яны зарэгістраваныя ў 2022 годзе.
Кошт жылета – 115 тысяч расійскіх рублёў (каля $1400).
Супрацоўніцтва полацкага прадпрыемства з Расіяй не з’яўляецца таямніцай. Яшчэ ў кастрычніку 2022 года раённая газета «Полацкі веснік» пісала, што амаль палова прадукцыі «ПОЛСПО» выкарыстоўваецца ў Беларусі і ў Расіі, а балістычныя выпрабаванні праходзяць у расійскім сертыфікацыйным цэнтры. Паводле газеты, браняабарону з Полацка выкарыстоўваюць беларускія ўнутраныя войскі, армія, Следчы камітэт, Служба бяспекі прэзідэнта і КДБ.
На самым прадпрыемстве браняжылет ZoV называюць сваім гонарам. Як распавядаў у 2024 годзе выданню «СБ. Беларусь сегодня» супрацоўнік «ПОЛСПО» Аляксандр Скороденок, гэты браняжылет мае максімальны клас абароны – «для Беларусі нешта новае, тое, чаго даўно чакалі». Яго перавага – мадульнасць: камплект можна дапоўніць аховай паху, каўняром і наплечнікамі, браняпліты – «лёгка выняць і замяніць проста на полі бою», а сам жылет можна скінуць адным рухам рукі.