22 кастрычнiка 2026, Чацвер, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі распавёў, калі ўкраінцы адчулі ненавісць да расіян

3
Зяленскі распавёў, калі ўкраінцы адчулі ненавісць да расіян
Уладзімір Зяленскі
Фота: Офіс Прэзідэнта Украіны

Гэта немагчыма проста забыць і дараваць.

Злачынствы расійскіх акупантаў, якія яны здзяйснялі на акупаваных тэрыторыях, у прыватнасці ў Кіеўскай вобласці на пачатку поўнамаштабнага ўварвання, немагчыма проста забыць і дараваць, падкрэсліў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Пра гэта ён сказаў у падкасце The Diary of a CEO, які быў апублікаваны 22 кастрычніка.

«Буча — гэта быў генацыд, усімі прызнаны. Яны закапалі сотні людзей, катавалі. Мы знайшлі магілу, дзе было каля 500 чалавек. Палтысячы чалавек, такая магіла, уявіце сабе — са звязанымі рукамі, замучаныя, пасля скінутыя ў ямы і засыпаныя... Калі мы дэакупавалі гэтыя гарадкі [вакол Кіева], узнікла ненавісць да расіян. Менавіта ў той момант. Нават не ў момант, калі яны пачалі поўнамаштабную вайну. Тады ніхто не разумеў, што гэта такое. А зразумелі, што такое вайна і што зрабіў асабіста Пуцін, калі мы знайшлі гэтыя масавыя магілы дарослых і замучаных дзяцей», — распавёў Зяленскі.

Ён успомніў, як расіяне спрабавалі даказаць, што сведчанні іх злачынстваў у Бучы нібыта былі інсцэніроўкай, і ў якасці доказа звярталі ўвагу на тое, што туды адразу з’ехалася шмат прэсы. Прэзідэнт патлумачыў, што калі ён даведаўся пра тое, што знайшлі ў Бучы, то сказаў нічога не чапаць і выклікаць туды журналістаў, каб увесь свет гэта ўбачыў.

«Проста ўсё гэта было ўжо даўно, у першы год поўнамаштабнай вайны. А часам людзям трэба напамінаць. Уявіце сабе — прабачце, не дай бог — сёння знайсці ў ЗША, у Брытаніі магілу, дзе ёсць 500 замучаных чалавек — дарослыя, дзеці, — сабакі, застрэленыя жывёлы. Яны там ладзілі паляванне. Людзі бегалі — яны стралялі, проста паляванне, такія гульні. Вось такое рабства. Дык як пасля гэтага слухаць Пуціна? Як пасля гэтага дараваць?» — спытаў Зяленскі.

Ён падкрэсліў, што ўбачанае ў Бучы змяніла ўсё яго жыццё. У прыватнасці, пасля гэтага ён захацеў адпомсціць расіянам.

«Гэта быў жахлівы дзень. Я ніколі ў жыцці такога не бачыў, каб трупы людзей проста былі раскіданыя на дарозе... Ты хочаш помсты. У мяне ніколі не было такога, каб я не мог кагосьці дараваць. Я лічу, што людзі памыляюцца. Але тут гаворка зусім пра іншае. Гэта зло, д’ябал, які прыйшоў і зрабіў з людзей адбіўныя. Адбіўныя, разумееце?.. Ты хочаш знайсці гэтых людзей, якія не людзі, і хочаш іх забіць. Я ніколі не хацеў ніводнага чалавека забіць. У мяне ніколі не было такога пачуцця. Толькі помста», — распавёў прэзідэнт Украіны.

Ён дадаў, што такое нельга проста забыць і дараваць, хоць як прэзідэнту яму даводзіцца заставацца спакойным і дыпламатычным.

«Нельга проста ўсё дараваць і сказаць: „Ну, прабачце, такі ўжо Пуцін, моцная краіна. Давайце проста ўсё забудзем. Давайце ўсё даруем і як-небудзь то газ, то дызель будзем купляць, прадаваць. Гэта складана“, — сказаў Зяленскі.»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲