Коул больш не прыедзе ў Беларусь?
2- 24.10.2026, 12:36
- 2,402
Сенатары абедзвюх партый выставілі ўльтыматум Трампу.
Рэспубліканцы і дэмакраты ў Сенаце ЗША папярэдзілі высокапастаўленых чыноўнікаў Белага дома, што будуць блакаваць кандыдатуры, якія чакаюць разгляду, выстаўленыя Дональдам Трампам, пакуль адміністрацыя не забяспечыць аднаўленне спадарожнікавай сувязі для ўкраінскай арміі. Пра гэта піша The New York Times са спасылкай на трох інфармаваных суразмоўцаў. Зараз на разглядзе Сената знаходзіцца кандыдатура спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі Джона Коула на новую пасаду.
Паводле NYT, публічна пра такое рашэнне сенатары пакуль не абвяшчалі. Супрацьстаянне можа разгарнуцца падчас так званай сесіі «кульгавай качкі» — пасяджэнняў Кангрэса пасля прамежкавых выбараў у лістападзе, калі рэспубліканцы разлічваюць зацвердзіць дзясяткі кандыдатур Трампа да заканчэння паўнамоцтваў цяперашняга складу.
Прычынай сталі збоі ў працы спадарожнікавай сеткі Starshield, якой кіруе кампанія SpaceX Ілона Маска. На мінулым тыдні ўкраінскія вайскоўцы паведамілі пра новыя абмежаванні ў кіраванні дронамі і западазрылі, што нехта з адміністрацыі Трампа мог наўмысна запаволіць працу сеткі. Ці было гэта зроблена і кім, не ясна. Па звестках выдання, Трамп патэлефанаваў Маску і папрасіў аднавіць Украіне поўны доступ. Аднак, паводле слоў украінскіх камандзіраў і чыноўнікаў, па стане на пятніцу сур'ёзныя збоі захоўваліся, а Вашынгтон так і не патлумачыў, чаму сувязь была абмежаваная.
Як распавялі сенатары Рычард Блюменталь і Том Тыліс, падчас тэлефоннай размовы на гэтым тыдні Уладзімір Зяленскі паведаміў ім, што спадарожнікавыя сэрвісы па-ранейшаму працуюць са збоямі, у тым ліку для дронаў, што ляцяць хутчэй за 160 кіламетраў на гадзіну. Гэта перашкаджае Украіне перахопліваць расійскія беспілотнікі.
— Фінансаванне ваеннай машыны Расіі, адключэнне спадарожнікавай сувязі Украіны і падрыў яе супрацьпаветранай абароны — усё гэта перашкоды на шляху да міру, — заявілі сенатары ў сумеснай заяве.
Рэспубліканскі кангрэсмен Браян Фіцпатрык, былы супрацоўнік ФБР, які працаваў у Кіеве ў сферы кантравыведкі супраць Расіі, пагразіў дамагацца звальнення чыноўнікаў, датычных да збояў, і скарачэння бюджэтаў іх ведамстваў.
— Асабіста я не веру ў аргумент пра супадзенне, — сказаў ён NYT.
29 верасня Дональд Трамп прапанаваў прызначыць Джона Коула сваім спецпрадстаўніком у справах закладнікаў у рангу пасла, кандыдатуру накіравалі на ўзгадненне ў Сенат. Зараз Коул займае пасаду спецпрадстаўніка па Беларусі. Пры яго ўдзеле на волю выйшлі больш за 500 беларускіх палітвязняў, а Вашынгтон у адказ зняў частку санкцый з Мінска. У кастрычніку Трамп назваў Коула «неверагодна паспяховым спецпрадстаўніком па пытаннях Беларусі».