Сікорскі адправіў Маска на Марс
2- 26.10.2026, 9:44
- 2,680
Жорсткі адказ кіраўніка МЗС Польшчы.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі абвінаваціў кіраўніка кампаніі SpaceX Ілона Маска ва ўмяшанні ў палітыку іншых краін і пажадаў яму паляцець на Марс. Пра гэта Сікорскі сказаў на грамадска-палітычным форуме ў Лодзі.
Заява кіраўніка польскага МЗС прагучала на фоне паведамленняў пра абмежаванне працы спадарожнікавых сістэм Starlink і Starshield на тэрыторыі Украіны.
Сікорскі адзначыў, што «змяшэнне палітыкі і бізнесу звычайна заканчваецца кепска». Пры гэтым ён назваў Маска вялікім вынаходнікам і пажадаў яму «ўсяго найлепшага».
«Спадзяюся, ён паляціць на Марс», — цытуе словы міністра TVP Info.
Сікорскі таксама заклікаў забяспечыць незалежнасць выбараў у Польшчы ад «замежных алігархаў». У гэтым кантэксце міністр узгадаў ахвяраваныя Маскам $200 млн на перадвыбарчую кампанію ў ЗША.
Адказваючы на пытанне пра тэхналагічную залежнасць ад ЗША і паведамленні пра праблемы Украіны з доступам да Starlink, Сікорскі паведаміў, што еўрапейскія кампаніі працуюць над стварэннем альтэрнатывы гэтай спадарожнікавай сістэме.
Ён таксама адзначыў, што Еўропа плаціць за выкарыстанне Украінай амерыканскага абсталявання і тэхналогій, уключаючы Starlink, і ў тым ліку таму мае «козыры ў рукаве».
Сікорскі заклікаў развіваць еўрапейскія тэхналогіі, звязаныя з магчымасцю нанясення высокадакладных удараў на вялікія адлегласці. Кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што «значна прасцей» збіць самалёт, з якога была запушчана балістычная ракета, або ўразіць завод па вытворчасці такіх боепрыпасаў, чым збіць саму ракету ў паветры.