Новы выклік для рэзерваў Беларусі
- Анастасія Лузгіна
- 26.10.2026, 9:07
- 1,090
Курс беларускага рубля актыўна рос у адносінах да долара і еўра. На дынаміку беларускага рубля да еўрапейскай і амерыканскай валют уплывала дынаміка расійскай, якая ўпэўнена расла на фоне высокіх цэн на нафту і жорсткай манетарнай палітыкі цэнтральнага банка. На знешніх рынках назіралася зніжэнне цаны на золата, што можа негатыўна адбіцца на золатавалютных рэзервах Беларусі ў найбліжэйшы месяц.
З 19 па 26 кастрычніка адбыліся наступныя змены курсаў замежных валют і кошыка валют да беларускага рубля:
Кошт кошыка валют застаўся, як і ў папярэднія тыдні, практычна нязменным і склаў 0,1751 рубля.
Долар ЗША патаннеў на 2,12%, і яго курс склаў 2,9460 рубля.
Еўра таксама аслабеў (на -2,6%) і раўняўся 3,2995 рубля.
Курс расійскага рубля ўзрос на 1,55% і дасягнуў 3,6597 беларускага рубля за 100 расійскіх.
Кітайскі юань апусціўся на 1,94% і склаў 4,4188 рубля за 10 юаняў.
Расійскі рубель стымулюе ўмацаванне рубля да долара
На працягу мінулага тыдня валютны рынак заставаўся пад уплывам ваганняў расійскай валюты. У выніку рубель імкліва ўмацоўваўся да еўра, кітайскага юаня і долара. Пры гэтым у дачыненні да кошыка валют змены былі нязначныя і склалі адну сотую капейкі. Нязменнасць кошыка валют тлумачыцца паралельным аслабленнем курсу беларускага рубля да расійскага.
Расійскі рубель працягнуў умацоўвацца за кошт перавагі падтрымлівальных фактараў. Па-першае, на гэта паўплываў рост ф'ючэрсных кантрактаў на куплю нафты маркі Brent да 114–116 долараў за барэль. Павелічэнне нафтавых цэн адбылося на фоне ўзмацнення напружанасці на Блізкім Усходзе. Еменскія хусіты нанеслі ваенныя ўдары па Саудаўскай Аравіі, якая з'яўляецца сусветным лідарам па экспарце сырой нафты. У тым ліку была пашкоджана энергетычная інфраструктура.
Для стабілізацыі сітуацыі ў энергетычным сектары Міністэрства энергетыкі ЗША паведаміла, што вызваліць 400 тыс. тон сырой нафты з рэзерваў. Узровень стратэгічных рэзерваў нафты ў ЗША знаходзіцца на гістарычным мінімуме з 1982 года. Паралельна Дзяржаўнае агенцтва па захоўванні нафты Германіі (EBV) абвясціла тэндар на продаж дызельнага паліва, мазуту і сырой нафты.
Такім чынам, нягледзячы на паступовае аднаўленне суднаходства праз Армузскі праліў, сітуацыя ў рэгіёне застаецца напружанай, што падтрымлівае цэны на паліва і, адпаведна, станоўча адбіваецца на курсе расійскага рубля.
Па-другое, падтрымку расійскай валюце аказала пашырэнне магчымасцяў гандлёвага супрацоўніцтва паміж Расіяй і ЗША. На мінулым тыдні быў адпраўлены першы танкер з расійскім дызельным палівам. У ЗША ён павінен прыбыць на пачатку лістапада.
Па-трэцяе, курс расійскай валюты мацнеў на фоне рашэння расійскага цэнтральнага банка пакінуць ключавую стаўку на ўзроўні 14% з-за ўзмацнення інфляцыйных працэсаў. Згодна з абноўленым прагнозам, інфляцыя ў Расіі да канца года складзе 7,1%–7,6%. Каб знізіць інфляцыйныя працэсы, рэгулятар вымушаны прытрымлівацца жорсткай манетарнай палітыкі. Высокія працэнтныя стаўкі падтрымліваюць цікавасць інвестараў да рублёвых фінансавых актываў.
Нарэшце, па-чацвёртае, набліжэнне чарговага падатковага перыяду таксама спрыяла ўмацаванню расійскага рубля і следам за ім — беларускага.
Золата таннее
У кастрычніку цана золата працягнула падаць. Спотавыя цэны на каштоўны метал па стане на 14 кастрычніка апусціліся да 4 093 долараў за тройскую унцыю. З канца студзеня золата страціла 26% сваёй рынкавой вартасці. Зніжэнне цэн адбывалася на фоне росту даходнасці амерыканскіх казначэйскіх аблігацый. Інвестары аддавалі перавагу ўкладанням у прывабныя амерыканскія актывы. Такія тэндэнцыі негатыўна адбіваюцца на памеры золатавалютных рэзерваў Беларусі ў доларавым эквіваленце, значная частка якіх намінаваная ў золаце.
Далейшая дынаміка цэн на золата будзе залежаць ад рашэнняў Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША наконт змянення працэнтных ставак.
Таксама ў будучыні на цэнавую дынаміку можа паўплываць пераацэнка кошту золата ў амерыканскіх рэзервах. Справа ў тым, што цана золата ў рэзервах ЗША застаецца нязменнай з 1973 года і ўлічваецца па цане 42,22 долара за тройскую унцыю. Пераацэнка не прадугледжвае дадатковых закупаў золата ЗША, але гэта дзеянне можа павялічыць цікавасць інвестараў да каштоўнага металу як да рэзервовага і надзейнага актыву. У найбліжэйшыя месяцы пераацэнка наўрад ці адбудзецца. Аднак гэтае пытанне пачалі часцей абмяркоўваць у грамадскіх колах.
Кароткатэрміновы прагноз: у кароткатэрміновым перыядзе (з 26 кастрычніка па 2 лістапада) курс беларускага рубля да долара ЗША можа вагацца ў дыяпазоне 2,91–2,97 рубля за долар.
Старшы навуковы супрацоўнік цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна для «Белсат»