27 кастрычнiка 2026, aўторак, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Францыя, Германія і Польшча стаяць плячо да пляча»

«Францыя, Германія і Польшча стаяць плячо да пляча»
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Немчыцкі (злева), міністр па справах Еўропы Францыі Бенжамен Аддад (у цэнтры) і міністр па еўрапейскіх справах Германіі Гюнтэр Крыхбаўм. Фота: PAP/Tomasz Waszczuk

Краіны Веймарскага трохкутніка рашуча падтрымліваюць Украіну.

Польшча, Францыя і Германія прынялі сумесную дэкларацыю па пытаннях выклікаў для эканомікі і бяспекі, з якімі сутыкаюцца памежныя рэгіёны Еўрасаюза. Дакумент стаў вынікам дзвюхдзённых кансультацый прадстаўнікоў Веймарскага трохкутніка ў польскім Гіжыцку. Міністры таксама абмеркавалі падтрымку Украіны, пагрозы з боку Расіі і будучы бюджэт Еўрасаюза, перадае «Польскае радыё».

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Немчыцкі падкрэсліў, што мэта сустрэчы ў Гіжыцку была паказаць французскім і нямецкім партнёрам сітуацыю ў рэгіёнах, якія непасрэдна адчуваюць наступствы расійскай агрэсіі.

«Сёння мы прынялі кароткую дэкларацыю па выніках нашай сустрэчы. У гэтым дакуменце Польшча, Францыя і Германія адзначаюць выклікі ў эканамічнай сферы і ў галіне бяспекі, з якімі сутыкаюцца памежныя рэгіёны. Думаю, гэта важны сігнал для жыхароў Вармінска-Мазурскага ваяводства», — сказаў Ігнацы Немчыцкі.

Міністр па еўрапейскіх справах Германіі Гюнтэр Крыхбаўм запэўніў, што Берлін і Парыж падтрымліваюць Варшаву. Ён таксама нагадаў пра ўдзел нямецкіх вайскоўцаў у будаўніцтве абарончых умацаванняў у Польшчы.

«Францыя і Германія рашуча стаяць плячо да пляча побач з Польшчай. Гэта атрымала канкрэтнае ўвасабленне не толькі падчас вучэнняў, але і тады, калі летам нямецкія сапёры Бундэсвера будавалі недалёка адсюль умацаванні. Таму бяспека Польшчы з’яўляецца і нашай бяспекай», — сказаў міністр Крыхбаўм.

Падчас сустрэчы ў Гіжыцку міністры таксама абмеркавалі далейшую падтрымку Украіны. Міністр па справах Еўропы Францыі Бенжамен Аддад заклікаў паскорыць прадастаўленне еўрапейскай фінансавай і ваеннай дапамогі, а таксама ўзмацніць санкцыі супраць Расіі.

«Мы павінны працягваць гэтыя дзеянні, прыняўшы 22-і пакет санкцый супраць Расіі, паскорыўшы выдзяленне крэдыту ў памеры 90 млрд еўра і забяспечыўшы ваенную падтрымку, у прыватнасці рэалізаваўшы рашэнні, абвешчаныя ў межах кааліцыі ахвотных. Мы павінны дапамагчы ўкраінцам перажыць зіму, якая будзе складанай», — сказаў французскі міністр.

Прадстаўнікі Польшчы, Францыі і Германіі пагадзіліся, што далейшае пашырэнне Еўрапейскага саюза адпавядае яго стратэгічным інтарэсам, аднак павінна залежаць ад правядзення неабходных рэформаў краінамі-кандідатамі.

Міністры таксама абмеркавалі процідзеянне расійскай дэзынфармацыі, дыверсіям і іншым гібрыдным пагрозам. Разам з тым Ігнацы Немчыцкі прызнаў, што ў Веймарскім трохкутніку існуюць разыходжанні адносна будучага бюджэту ЕС. Аднак іх аб’ядноўвае меркаванне, што бюджэт павінен улічваць узрастаючыя патрэбы еўрапейскай бяспекі.

Сустрэча ў Гіжыцку была прымеркавана да 35-годдзя Веймарскага трохкутніка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲