«Нешта не тое творыцца з цэнамі на чырвоную ікру»
2- 28.10.2026, 15:47
Беларусы абмяркоўваюць падаражанне дэлікатэсу.
«Нешта не тое творыцца з цэнамі на чырвоную ікру», — у адзін голас заяўляюць апытаныя намі беларусы, прыглядзеўшыся да прылаўкаў. Прадукт, які традыцыйна асацыюецца з раскошай і святамі, у гэтым сезоне каштуе неяк зусім па-люксава. Кілаграм дэлікатэсу можа абысціся ў траціну сярэдняга заробку па краіне — 900 рублёў, піша Onlíner.
— Я як пакупніца папярэджваю: чырвоная ікра вырашыла, што яна чорная, — пракаменціравала адна з калег-журналістак. Шкада засмучаць, але не: цана кілаграма чорнай вышэй за 6 тысяч рублёў (дзве сярэднія беларускія зарплаты за верасень). Наўрад ці мы купляем ікру кілаграмамі, але і цана маленькага слоічка цалкам здольная здзівіць.



Паводле звестак Белстата, у верасні гэтага года ў рознічнай сетцы ікра ласосёвых рыб у сярэднім каштавала 311,61 рубля за кілаграм.
У верасні мінулага года сярэдняя цана гэтага тавару была 261,44 рубля за кілаграм.
У Беларусі вырабляюць уласную чорную ікру, але чырвоная трапляе на прылаўкі пераважна з Расіі. Пры гэтым, як паведамляла аналітычная пляцоўка Tridge, вытворчасць чырвонай ікры там рэзка скарацілася — прыкладна да 3 тысяч тон у 2026 годзе ў параўнанні з амаль 13 тысячамі тон летась. Прычынай называюць анамальнае пацяпленне ў паўночнай частцы Ціхага акіяна, якое ўплывае на міграцыю рыбы і крыніцы харчавання.


Скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці прывяло да падвоення рознічных цэн на ікру гарбушы і неркі, цэны на ікру кіты выраслі на 50%. Эксперты галіны адзначаюць, што чырвоная ікра пераходзіць з катэгорыі звычайных харчовых прадуктаў у катэгорыю прадметаў раскошы або сімвалічных тавараў.