Мерц у Кіеве заключыць важныя дамоўленасці паміж Украінай і Германіяй у галіне абароны
2- 4.10.2026, 14:12
Расію трэба спыняць разам.
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц (Friedrich Merz) у Кіеве звярнуўся да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, які ўжо больш за 4,5 года вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, з заклікам спыніць удары па грамадзянскай інфраструктуры Украіны. «Мы гатовыя да перамоў, мы гатовыя абмяркоўваць завяршэнне гэтай вайны. Але гэтыя варварскія атакі на мірнае насельніцтва Украіны павінны спыніцца», — заявіў ён у нядзелю, 4 кастрычніка, паведамляе «Нямецкая хваля».
Зяленскі анансаваў пагадненні з ФРГ у галіне абароны
Са свайго боку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў пагадненні з Германіяй у галіне абароны. У дзень візіту ў Кіеў канцлера ФРГ Фрыдрыха Мерца (Friedrich Merz) будуць заключаны «важныя дамоўленасці паміж Украінай і Германіяй», накіраваныя на пашырэнне магчымасцяў абароны як Украіны, так і ўсёй Еўропы, заявіў ён.
«Расію трэба спыняць разам. Дзякуй усім, хто дапамагае», — напісаў ён у Telegram. Прэзідэнт Украіны нагадаў, што Германія «паслядоўна дэманструе лідарства ў абароне жыццяў украінцаў і ўкраінак ад расійскіх удараў».
«Важна, што ў гэты няпросты час Германія побач з намі — у падтрымцы і памяці», — падкрэсліў ён. Паводле слоў Зяленскага, на пачатку візіту Мерц ушанаваў памяць загінулых абаронцаў Украіны.
Візіт Мерца ў Кіеў праходзіць на фоне сігналаў паветранай трывогі. Ён прыбыў у сталіцу Украіны цягніком раніцай 4 кастрычніка з неанансаваным візітам. Праз некаторы час Расія нанесла чарговы ўдар па Паўночным мосце праз раку Дняпро ў Кіеве.