4 кастрычнiка 2026, Нядзеля, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Германія выдзяляе Украіне больш за 1,3 млрд еўра дапамогі

Германія выдзяляе Украіне больш за 1,3 млрд еўра дапамогі

Грошы пойдуць на дроны-перахопнікі, далёкабойную зброю і энергетыку.

Германія перадасць Украіне новы пакет дапамогі агульным аб'ёмам больш за 1,3 млрд еўра. Пра гэта ў нядзелю паведамілі канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках сустрэчы і на сумеснай прэс-канферэнцыі, перадае агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

Большая частка сумы, больш за мільярд еўра, прыпадае на вайсковую дапамогу. Паводле слоў Мерца, Берлін прафінансуе сумесную вытворчасць дронаў, якія мусяць збіваць рэактыўныя беспілотнікі. Канцлер адзначыў, што за апошнія тыдні ў гэтай сферы ўдалося дасягнуць сур'ёзных тэхналагічных прарываў, і цяпер распрацоўкі хутка запускаюць у серыйную вытворчасць.

Акрамя таго, Германія паставіць Украіне далёкабойную зброю, ударныя дроны і спадарожнікавае абсталяванне. Як патлумачыў Мерц, гэта неабходна, каб украінскія вайскоўцы больш эфектыўна знішчалі расійскія пускавыя ўстаноўкі.

Яшчэ каля 350 млн еўра выдзеляць на энергетыку. На гэтыя грошы закупяць генератары, трансфарматарныя падстанцыі і рамонтныя камплекты для аднаўлення пашкоджанай інфраструктуры. Паводле слоў канцлера, гэтая дапамога павінна змякчыць наступствы расійскіх удараў па энергасістэме і падтрымаць украінцаў узімку.

Зяленскі ўдакладніў, што падчас сустрэчы бакі падпісалі 15 пагадненняў і дакументаў. Большасць з іх датычыцца супрацоўніцтва ў сферы бяспекі, вытворчасці, закупак, украінскіх заказаў для нямецкай прамысловасці і сумесных праектаў на тэрыторыі Украіны. Паводле ацэнкі ўкраінскага прэзідэнта, агульны аб'ём дамоўленасцяў перавышае 8,5 млрд еўра. Сярод іншага падпісана асобнае пагадненне, якое пашырае магчымасці дзвюх краін у сумеснай барацьбе з дронамі. Асобна бакі абмеркавалі патрэбу Украіны ў сродках СПА.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲