Мядзведзеў пагражае Арменіі
3- 4.10.2026, 17:54
- 1,494
Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ папярэдзіў Ерэван ад ператварэння ў «новую Украіну».
Змена знешнепалітычнага курса Арменіі пагражае ёй негатыўнымі наступствамі, заявіў намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв’ю дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ірана. «Цяперашняе армянскае кіраўніцтва палічыла правільным змяніць вектар свайго развіцця. Я ўпэўнены, што гэта таксама ні да чаго добрага не прывядзе. Найбольш страшнае, што можа здарыцца з Арменіяй, — яе ператварэнне ў новую Украіну», — сказаў Мядзведзеў.
Ён таксама абвінаваціў не названыя дзяржавы ў спробах «нешта муціць», каб раскалоць краіны Паўднёвага Каўказа. У якасці прыкладу Мядзведзеў назваў Грузію, якой, паводле яго сцвярджэння, раней прапаноўвалі ўступіць у НАТА. У выніку гэта «прывяло да канфлікту», а рэспубліка так і не стала членам альянсу, адзначыў ён. Цяпер жа, з пункту гледжання Мядзведзева, Захад падобным чынам «выпрабоўвае на трываласць» адносіны Расіі і Арменіі, якія абвастрыліся з-за планаў Ерэвана ўступіць у Еўразвяз.
Парламент Арменіі ў сакавіку 2025 года прыняў закон аб пачатку працэсу ўступлення краіны ў Еўразвяз. Гэта выклікала незадаволенасць Масквы, якая заявіла, што адначасовае знаходжанне ў Еўразвязе і Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) немагчымае. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін неаднаразова патрабаваў ад Арменіі правесці рэферэндум, каб канчаткова вызначыцца па гэтым пытанні, і заклікаў яе памятаць пра лёс Украіны, вайна супраць якой пачалася менавіта з-за імкнення да еўраінтэграцыі.
Прэм’ер Арменіі Нікол Пашынян казаў, што праводзіць рэферэндум да атрымання краінай статусу кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз бессэнсоўна, бо грамадзянам давядзецца выбіраць паміж ЕАЭС і альтэрнатывай, якой пакуль няма. Адначасова ён заяўляў, што Арменія больш не лічыць Расію «стратэгічным партнёрам» і не мае патрэбы ў яе вайсковай базе, якая знаходзіцца ў Гюмры.
Пашынян таксама публічна звярнуў увагу Пуціна на дэмакратыю і адсутнасць блакіровак інтэрнэту ў рэспубліцы, пасля чаго Расія ўвяла абмежаванні на пастаўкі армянскай прадукцыі, уключаючы алкаголь, гародніну, садавіну, рыбу, малако і кветкі.