Польская армія змяняе форму
1- 5.10.2026, 20:24
- 2,388
Прэзентаваны новы камуфляж «Рысь».
У Польшчы прадставілі новы ўзор вайсковай формы з камуфляжам K03 «Рысь». Прэзентацыя адбылася ў панядзелак, 5 кастрычніка, у штабе 1-й пяхотнай дывізіі Легіёнаў у Цехануве, перадае «Польскае радыё».
Віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш падкрэсліў, што пры распрацоўцы формы асаблівую ўвагу надалі бяспецы і камфорту вайскоўцаў.
«Гэта форма і яе камуфляж робяць вайскоўца значна менш заўважным як удзень, так і ўначы. Яна таксама значна зручнейшая для службы кожнага салдата і адаптаваная да патрэб жанчын і мужчын, якія служаць у Войску Польскім. Акрамя таго, гэтая форма дазваляе аказваць дапамогу. Вы бачылі кішэню на „маланцы“, якую можна выкарыстоўваць як падтрымлівальную павязку для рукі, калі вайсковец паранены», — заявіў міністр.
Пасля больш як 30 гадоў жаўнеры #WojskoPolskie 🇵🇱 атрымаюць новы палявы мундзір. Новы крой, матэрыял і камуфляж былі распрацаваныя і пратэставаныя з удзелам жаўнераў, з улікам іх патрэбаў і досведу. Новы мундзір забяспечыць большую трываласць, камфорт і функцыянальнасць падчас службы. Праект створаны ў Польшчы і тут будуць шыць новыя мундзіры.
— Ministerstwo Obrony Narodowej 🇵🇱 (@MON_GOV_PL) 5 кастрычніка 2026
Змены закрануць як крой, так і камуфляжны ўзор. Новы пяцікаляровы камуфляж K03 «Рысь» распрацавалі з удзелам вайскоўцаў Сіл спецыяльных аперацый, выкарыстоўваючы іх практычны досвед.
Для вырабу формы прадугледжаныя больш лёгкія, эластычныя і трывалыя матэрыялы. Паводле кіраўніка абароннага ведамства, спалучэнне новага крою і камуфляжу павінна палепшыць умовы службы і павысіць абароненасць польскіх вайскоўцаў.
📍 #Ciechanów | Віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Ул. @KosiniakKamysz падчас прэзентацыі новага палявога мундзіра для жаўнераў Войска Польскага: Гэта незвычайны дзень для Войска Польскага. Чалавек — найважнейшы, жаўнер Войска Польскага — найважнейшы; ягоная бяспека, падрыхтоўка, ягоны камфорт службы для нас найважнейшыя. Таму пасля больш як дзесяці месяцаў працы мы абвяшчаем гэтую
рэвалюцыйную змену для жаўнераў Войска Польскага.
— Ministerstwo Obrony Narodowej 🇵🇱 (@MON_GOV_PL) 5 кастрычніка 2026