Электрамабілі ў Беларусі страчваюць папулярнасць
- 5.10.2026, 21:04
- 1,406
Продажы ўпалі на 28%.
Яшчэ нядаўна электрамабілі ў краіне набіралі папулярнасць, а цяпер рынак рэзка прасеў. У верасні зарэгістравалі 3398 машын — на 28% менш, чым у папярэднім месяцы.
Асацыяцыя развіцця электратранспарту БЭТА звязвае гэта з вычарпаннем бяспошліннай квоты і папярэджвае: далей можа быць горш, піша партал abw.by.
Бяспошлінная мытная квота на электрамабілі для фізічных асоб скончылася 5 верасня. Пасля гэтага пры ўвозе электрамабіляў сталі спаганяць мыта ў памеры 15%. На думку БЭТА, гэта непазбежна адбілася на кошце аўтамабіляў і попыце.
У асацыяцыі чакаюць, што ў кастрычніку сітуацыя можа пагоршыцца.
«Зніжэнне попыту выключна з-за цэнавай складовай можа стварыць ілюзію страты цікавасці грамадзян да электрамабіляў», — адзначае старшыня БЭТА Сяргей Худоешко.
Ён таксама папярэдзіў: працяглае зніжэнне імпарту можа запаволіць рост парку электрамабіляў. А гэта, у сваю чаргу, адбіцца на развіцці зараднай інфраструктуры, мадэрнізацыі электрасетак і акупнасці адпаведных праектаў.
Усяго цяпер беларускі парк аўтамабіляў на новай энергіі налічвае 73 663 машыны. Па ацэнцы асацыяцыі, рынку неабходна каля 60 000 новых электрамабіляў у год у розных сегментах.
У БЭТА лічаць, што лакальная зборка пакуль не здольная цалкам замяніць імпарт электрамабіляў. Сярод прычын — адсутнасць уласнай вытворчасці цяговых батарэй. З-за гэтага вялікавузлавая зборка можа абыходзіцца даражэй за гатовы аўтамабіль з Кітая. Яшчэ адзін фактар — абмежаваны мадэльны шэраг.
Асацыяцыя прапануе да 2030 года выкарыстоўваць два каналы напаўнення рынку — унутраную вытворчасць і афіцыйны імпарт. У прыватнасці, ужо ў IV квартале 2026 года вылучыць Беларусі дадатковую квоту на ўвоз 5–10 тыс. электрамабіляў. На 2027–2030 гады ўстанавіць штогадовую імпартную квоту на ўзроўні 30–40 тыс. машын.
Акрамя таго, БЭТА выступае за захаванне да 2030 года нулявой стаўкі ПДВ для электрамабіляў, а таксама за развіццё зараднай інфраструктуры з пераходам на больш магутныя станцыі. Ідзе гаворка пра высокавольтныя станцыі магутнасцю ад 170 кВт з паступовым павышэннем стандарту не ніжэй за 350 кВт.
Без такіх мер, мяркуюць у асацыяцыі, Беларусь рызыкуе запаволіць развіццё рынку і не выйсці на мэтавы паказчык у 300 000 электрамабіляў да 2030 года.