Bloomberg: ЕС рыхтуе абмежаванні на імпарт кітайскіх гібрыдаў
2- 7.10.2026, 19:15
Гандлёвы дэфіцыт ЕС з Кітаем перавышае €1 млрд у дзень
Еўрасаюз разглядае часовыя абмежаванні на імпарт кітайскіх гібрыдных аўтамабіляў для скарачэння гандлёвага дэфіцыту з Кітаем. Адным з магчымых інструментаў могуць стаць тарыфныя квоты, пры якіх імпарт звыш усталяванага аб’ёму будзе абкладацца дадатковым зборам. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Паводле іх даных, Еўракамісія можа выкарыстаць абмежаванні на гібрыды як пілотны праект і затым распаўсюдзіць такі падыход на іншыя галіны, дзе фіксуецца гандлёвы дысбаланс. Рашэнне пакуль не прынятае і можа змяніцца пасля перамоў еўракамісара па гандлі Мароша Шэфчовіча з міністрам камерцыі КНР Ван Вэньтао у Пекіне, адзначаюць суразмоўцы.
Сітуацыю і магчымыя новыя гандлёвыя меры лідары краін ЕС абмяркуюць у сярэдзіне кастрычніка. Да канца года Еўракамісія павінна прадставіць інструменты для скарачэння дысбалансу і дыверсіфікацыі ланцугоў паставак.
Тым часам Politico таксама піша, што Еўрапарламент рыхтуецца да галасавання па дакладзе аб палітычных адносінах ЕС і Кітая. Паводле звестак выдання, у дакладзе Камітэта па замежных справах ЕП Пекін разглядаецца не толькі як эканамічны, але і як геапалітычны выклік еўрапейскай бяспецы. У ім таксама ўтрымліваецца заклік да больш жорсткага падыходу да Кітая па-за межамі гандлёвай палітыкі.
Еўрадэпутаты звязваюць гэта, у прыватнасці, з напружанасцю вакол Тайваня.
Пекін выступае супраць магчымых абмежаванняў і заяўляе, што яны супярэчаць правілам СГА і прынцыпам сумленнай канкурэнцыі. Кітай прапануе замяніць мытныя пошліны на электрамабілі цэнавымі абавязацельствамі — механізмам кантролю агульных аб'ёмаў экспарту шляхам усталявання мінімальных цэн.
Цяпер гандлёвы дэфіцыт ЕС з Кітаем перавышае €1 млрд у дзень.