Грамадзянская эканоміка Расіі спынілася
- 7.10.2026, 19:01
Увесь рост з 2022 года адбыўся ў галінах, звязаных з вайной.
Эканамічны рост наперакор санкцыям, якім ганарацца расійскія ўлады, аказаўся практычна цалкам сканцэнтраваным у галінах, звязаных з вайной, падлічылі аналітыкі Банка Фінляндыі. Дзякуючы мнагаразоваму павелічэнню ваенных выдаткаў тры галіны, куды ўваходзіць прадукцыя ВПК (вытворчасць «гатовых металічных вырабаў», «іншых транспартных сродкаў» і «камп'ютараў і аптычных вырабаў»), а таксама «дзяржаўнае кіраванне і забеспячэнне ваеннай бяспекі», з пачатку 2022 г. выраслі больш чым на 40%. Аднак галіны па-за межамі гэтых чатырох у суме за пяць гадоў амаль нічога не прыбавілі, піша The Moscow Times.
Аналітыкі Райффайзенбанка таксама адзначалі растучы разрыў паміж дзяржсектарам і іншымі галінамі. Без уліку апрацоўчай прамысловасці, куды ўваходзіць ВПК, і дзяржсектара астатнія галіны за год з першага квартала 2025 г. не выраслі.
«Грамадзянская эканоміка Расіі спынілася — гэта ўжо медыцынскі факт, — кажа прафесар МДУ Наталля Зубарэвіч. — Калі браць у тонах і штуках, дык усе будаўнічыя матэрыялы — мінус; хімія — мінус; грамадзянскае машынабудаванне перажывае сур'ёзны спад, там няма на што пальцам паказаць, каб сказаць: «А вось гэта расце»». Большасць галін па-за ВПК з сярэдзіны 2023 г. знаходзяцца ў «калястагнацыі», а з другой паловы 2024 г. перайшлі да спаду, адзначаў блізкі да Крамля аналітычны цэнтр ЦМАКП.

У тонах і штуках па выніках васьмі месяцаў вытворчасць большасці відаў адзення скарацілася на 5–9%, абутку засталася на мінулагоднім узроўні, у невялікім мінусе — дрэваапрацоўка, вытворчасць папяровых вырабаў і большасці хімічных рэчываў, вынікае з даных Росстата. Вытворчасць шын скарацілася на 12,5%, бетону і будаўнічых матэрыялаў — прыкладна на 10%, большасць відаў металургічнай прадукцыі — у мінусе на 5–15%. Вытворчасць халадзільнікаў засталася на мінулагоднім узроўні, а пральных машын знізілася на 9%.
Адна з нешматлікіх стабільна растучых галін — фармацэўтыка. Вытворчасць легкавых аўтамабіляў вырасла на 13%, але праекты па зборцы кітайскіх брэндаў не могуць кампенсаваць сыход заходніх: за восем месяцаў выпушчана 507 тыс. машын, а ў студзені—жніўні 2021 г. было 916 тыс.
Інвестыцыйныя тавары не знаходзяць пакупніка, таму што інвестыцыі падаюць, адзначала Зубарэвіч. Інвестыцыі ў асноўны капітал летась зменшыліся на 2,3%, а ў першай палове года — на 9,9%, паводле даных Росстата. Іх росту не чакае нават урад: ён прагназуе, што ў 2029 г. інвестыцыі толькі вернуцца на ўзровень 2025-га.
Тры гады скарачэння інвестыцый нясуць рызыкі страты патэнцыялу рынкавай часткі эканомікі і могуць прывесці да страт вытворчых магутнасцяў і запаволіць доўгатэрміновыя тэмпы эканамічнага росту, папярэджвае Грыгорый Жырноў з ВШЭ. «У нас ужо тры гады інвестыцыйная паўза, мякка кажучы, — адкуль узяцца эканамічнаму росту», — задае рытарычнае пытанне галоўны эканаміст «Эксперт РА» Антон Табах.
Аналітыкі Банка Фінляндыі прагназуюць рост расійскай эканомікі па выніках гэтага года на 1%, а ў наступныя два гады — на 0,5%. У Расіі застаюцца вытворчыя і фінансавыя магчымасці для вядзення агрэсіўнай вайны, лічаць яны, але папярэджваюць, што такая палітыка вядзе да крызісу.
Хутка ўлады апынуцца перад складаным выбарам. Калі занадта моцна павялічыць выдаткі, назапашаныя ў эканоміцы дысбалансы ўзмоцняцца, і гэта ў выніку можа прывесці да сур'ёзнага эканамічнага крызісу. Але калі скарачаць выдаткі, эканоміка па меры аслаблення дзяржаўнай падтрымкі можа пагрузіцца ў рэцэсію.
Дадзеныя па расійскай эканоміцы не ўнушаюць аптымізму, піша Аляксей Клімюк з «Альфа-капітала» і заклікае прызнаць устойлівую тэндэнцыю да астуджэння дзелавой актыўнасці, пераламаць якую бюджэтнымі ўліваннямі або зніжэннем ключавой стаўкі не атрымаецца. Таму яго чаканні ад наступнага года «невясёлыя»: рост ВУП «каля нуля або нават ніжэй».