Узброеныя сілы Украіны другі раз на працягу тыдня ўдарылі па найбуйнейшым у Расіі нафтавым хабе
1- 7.10.2026, 19:33
- 1,194
Пачаўся буйны пажар.
Узброеныя сілы Украіны другі раз на працягу тыдня нанеслі ўдар па ЛПДС «Самара» ў Самарскай вобласці, сцвярджаюць маніторынгавыя каналы Exilenova+ і Supernova+. Паводле дадзеных Exilenova+, на тэрыторыі аб’екта пасля атакі пачаўся буйны пажар, а дарогі ў населеным пункце, размешчаным паблізу, перакрылі. Каналы публікуюць кадры з месца здарэння. Афіцыйных паведамленняў пра ўдар па станцыі пакуль не паступала.
ЛПДС «Самара» — найбуйнейшы ў Расіі нафтавы транспартны і размеркавальны хаб, які належыць кампаніі «Транснефть». Аб’ект выкарыстоўваецца для прыёму, захоўвання і далейшага транспартавання нафты. Яго плошча перавышае 216 гектараў, а рэзервуарны парк уключае 71 ёмістасць агульнай умяшчальнасцю больш за 1,6 млн кубаметраў нафты.
На ЛПДС «Самара» сыходзяцца чатыры магістральныя нафтаправоды: «Альмет’еўск — Куйбышаў», «Калтасінскі — Куйбышаў», «Ніжневартаўск — Курган — Куйбышаў» і «Гур’еў — Куйбышаў». Праз станцыю для далейшага транспартавання паступае нафта з Заходняй Сібіры, Татарстана, Арэнбурга і Казахстана.
Першы ўдар па станцыі адбыўся ў ноч на 2 кастрычніка. Тады Самарскую вобласць атакавалі ўкраінскія беспілотнікі, а раніцай улады абвясцілі ракетную небяспеку. Жыхароў рэгіёна заклікалі знайсці сховішчы, а ў Самары часова спынілі рух наземнага грамадскага транспарту.