Беларуская пенсіянерка спаліла дом разам з суседкай
1- 11.11.2026, 12:49
Матывам стала крыўда.
У Полацку 70-гадовая жанчына ўчыніла падпал, у якім загінула яе 64-гадовая суседка. Матывам стала крыўда: раней тая выклікала пенсіянерцы хуткую дапамогу. Пра гэта распавяла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Аксана Лазько.
Паводле звестак следчых, 28 красавіка 2026 года ў МНС паступіла паведамленне пра ўзгаранне пабудовы ў Полацку. Дом належаў Беларускай праваслаўнай царкве. Пры тушэнні пажару ратавальнікі выявілі ўнутры 64-гадовую жанчыну без прыкмет жыцця.
Як устанавіла следства, у доме жылі тры жанчыны. У момант трагедыі адна з іх была на працы, другая спала, а 70-гадовая фігурантка, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, абліла гаручай вадкасцю жылы пакой, калідор і ганак і падпаліла іх. Пераканаўшыся, што агонь распаўсюдзіўся, яна сышла.
У выніку пажару загінула 64-гадовая жанчына, а маёмасць на агульную суму больш за 54,8 тыс. рублёў была знішчаная і пашкоджаная.
Пасля затрымання абвінавачаная распавяла следчаму пра матыў. Паводле яе слоў, на пачатку красавіка суседка выклікала ёй хуткую з-за злоўжывання алкаголем, і пенсіянерку шпіталізавалі. Гэта яе раззлавала, і яна вырашыла адпомсціць.
Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што смерць пацярпелай наступіла на месцы здарэння ад тэрмаінгаляцыйнай траўмы.
Следчае ўпраўленне УСК па Віцебскай вобласці ўстанавіла абставіны забойства, учыненага грамадска небяспечным спосабам і з асаблівай жорсткасцю, а таксама наўмыснага знішчэння і пашкоджання чужой маёмасці грамадска небяспечным спосабам, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры.