У Аўстрыі хочуць будаваць дамы з хлеба
- 13.11.2026, 13:36
Даследнікі распрацоўваюць склад, з якога можна будзе друкаваць цагліны на 3D-прынтары.
Непрададаны пякарнямі чэрствы хлеб, які інакш давялося б выкінуць, у Аўстрыі хочуць ператварыць у матэрыял для будаўніцтва дамоў.
Даследнікі распрацоўваюць склад, з якога можна будзе друкаваць цагліны на 3D-прынтары. Іх таксама можна будзе рабіць з мукі, што рассыпалася на падлогу падчас вытворчасці, і невыкарыстанага цеста, піша «Еўрапульс».
Над матэрыялам для друку працуюць у рэгіёне Понгау. Пакуль спецыялісты толькі распрацоўваюць тэхналогію, падрабязнасці якой яны не раскрываюць. Перш чым інавацыйны прадукт трапіць на будоўлю, каманда павінна пераканацца, што ён вытрымлівае неабходныя нагрузкі і падыходзіць для ўзвядзення будынкаў.
Першыя цагліны з даданнем сыравіны з пякарні аўстрыйцы ўжо вырабілі, хоць для іх прынтар не спатрэбіўся. У лабараторыі Biofabrique Vienna студэнты Венскага тэхнічнага ўніверсітэта змешвалі муку з пякарні Ströck з глінай, якую здабывалі пры будаўніцтве метро, а потым фармавалі блокі і сушылі іх на паветры.
Без абпалу вытворчасць патрабуе менш энергіі, а пасля выкарыстання з таго ж матэрыялу можна зрабіць новыя цагліны.
Падчас эксперымента студэнты заўважылі, што з некаторых цаглін пачалі з’яўляцца парасткі. Высветлілася, што разам з мукай у сумесь трапіла насенне лёну. Для доследаў студэнты бралі ў тым ліку муку, што рассыпалася на падлогу — з санітарных прычын яе ўжо нельга было выкарыстоўваць нават на корм жывёлам.
Акрамя будаўнічых дэталяў, удзельнікі новага праекта ў Понгау хочуць вырабляць з хлеба пліты для мэблі. У перспектыве такі матэрыял мог бы спатрэбіцца, напрыклад, для шаф або каркасаў канапаў.
Праект у Понгау ўваходзіць у еўрапейскую ініцыятыву HUBS4BUILD, якую Еўрасаюз фінансуе па праграме Horizon Europe. Яна аб’ядноўвае ўдзельнікаў з 13 еўрапейскіх краін і працягнецца да 2030 года.
У яе рамках на Кіпры збіраюцца ператвараць марскую траву, ужо сабраную падчас уборкі пляжаў Лімасола, у цеплаізалятар для будынкаў, а ў Венгрыі — выкарыстоўваць салому для вырабу матрацаў.