У Гомельскай вобласці могуць закрыць прадпрыемства
- 13.11.2026, 16:14
Адна з ліній ужо даўно спыненая.
Пра праблемы на Кармянскім філіяле ААТ «Рэчыцкі тэкстыль» стала вядома «Флагштоку». Паводле звестак крыніц, філіялу пагражае закрыццё, а адна з ліній ужо даўно спыненая.
Гэта лінія па выпуску коўдраў. Апошнія паўгода работнікам, якія працавалі на гэтай лініі, выплачваюць толькі сімвалічную суму за прастой — менш за 200 рублёў у месяц.
Кіраўніцтва паведаміла калектыву, што галоўнае прадпрыемства можа ўвогуле закрыць філіял і заклікала шукаць іншую працу. Але ў маленькім райцэнтры зрабіць гэта няпроста: з прадпрыемстваў у гарадскім пасёлку застаюцца толькі льнозавод і птушкафабрыка.
У той жа час у іншым цэху, узятым у філіяла ў арэнду, усталёўваюць новую лінію — па перапрацоўцы лёну. Аднак узяць туды на працу змогуць толькі пару чалавек.
Паводле атрыманай інфармацыі, цяпер у Кармянскім філіяле працуюць толькі 15–20 чалавек, хоць яшчэ ў 2025 годзе, паводле афіцыйных даных, колькасць работнікаў складала больш за 40 чалавек.
Апошні раз у афіцыйных крыніцах пра Кармянскі філіял пісалі на пачатку 2025 года, калі «Зара над Сожам» распавядала пра выпуск новых відаў стёганых коўдраў і пакрывалаў пасля мадэрнізацыі паводле праграмы «Адзін раён — адзін праект».
Раней прадпрыемства выпускала пледы, «еўра»-коўдры, наматрацнікі, а таксама спецыяльныя матрацы рознай таўшчыні. Узніклыя цяпер праблемы тлумачаць адсутнасцю сыравіны. Яе пастаўляў Аршанскі льнокамбінат, але пасля таго як там змянілася кіраўніцтва, сыравіну перасталі даваць: нібыта з-за таго, што кіраўнікі пасварыліся між сабой.
Якраз 13 лістапада Аршанскі льнокамбінат наведваў Лукашэнка. Там кіраўнік урачыста запускаў новую лінію.
Як паведамлялася, галоўнае прадпрыемства Кармянскага філіяла з'яўляецца стратным — яго маёмасць у Рэчыцы распрадавалі за даўгі.