Лукашэнка хоча вярнуць прыгоннае права
1- Віталь Цыганкоў, «Белсат»
- 15.11.2026, 13:31
І гэта не публіцыстычнае перабольшанне.
Прыгоннае права Лукашэнка хоча вярнуць для жыхароў вёскі, і гэта не публіцыстычнае перабольшанне. Ён сам так заяўляе, кажа, што без дазволу мясцовага памешчыка (то бок старшыні райвыканкама) нельга будзе пакінуць гаспадарку. Дурніца закончылася, заяўляе Лукашэнка. Але што маецца на ўвазе?
Наведваючы «Гавяды Агро» ў Шклоўскім раёне 7 лістапада, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб работнікі не пакідалі гаспадаркі без дазволу старшыні райвыканкама. Сфармуляваў сваю думку максімальна празрыста:
«Яшчэ раз кажу, нікуды не імкніцеся. Без яго з гаспадаркі ніхто не з'едзе. Старшыня райвыканкама прымае канчатковае рашэнне, куды завезці. Гэта называлася і называецца планамерным размеркаваннем працоўных рэсурсаў у краіне. Таму шалтай-балтай і злачыннасць павышаць у гарадах нам не трэба».
Пазнавальна, дарэчы, як ён насамрэч думае пра вяскоўцаў. Ён чамусьці лічыць, што іх пераезд у гарады адразу падвысіць там злачыннасць.
Сутнасць выказвання пра «нікуды не імкніцеся» відавочная: Лукашэнку хацелася б, каб чалавек працаваў на адным месцы, старанна і самааддана, дысцыплінавана, не наракаў на зарплату і нават не спадзяваўся пераехаць у іншае месца, дзе ўмовы і заробкі лепшыя.
А беларусам хочацца жыць лепш. І з-за гэтага «шкоднага» пачуцця яны, калі ў нейкім канкрэтным раёне не бачаць добрай працы, пераязджаюць у іншыя гарады або нават у Мінск (які Лукашэнка, дарэчы, забараняе пашыраць).
Падобныя заявы гучалі і раней. У студзені старшыня «Савета Рэспублікі» Наталля Качанава казала, што службовыя асобы і кіраўнікі не павінны пакідаць Віцебшчыну без узгаднення з абласным кіраўніцтвам. Пры гэтым спасылалася на ўстаноўку Лукашэнкі, а ў лютым старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў забараніў звальняцца работнікам агракамбіната «Скідзельскі».
Але цяпер Лукашэнка хоча загнаць у прыгоннае права проста ўсіх вясковых людзей, а не асобных чыноўнікаў:
«Гэта ваша жыццё. Гэта ваша праца, ваш заробак. І не думайце, што вы кудысьці ўцячэце і недзе ў горадзе вас чакаюць. Усё. Як у нас казалі ў вёсцы, дурніца закончылася».
Дурніца закончылася. Дурніца, то бок канстытуцыйныя правы, закончыліся даўно. Але гэта датычылася свабоды слова, права на выказванне меркавання, палітычных свабод. Цяпер дурніцай абвясцілі і права пакінуць сваю вёску і паехаць у горад.
Мяркую, Лукашэнка марыў бы вярнуць прыгоннае права, дзе кіраўнікі райвыканкамаў у ролі памешчыкаў. Але час не той, наўрад ці атрымаецца. Законаў, якія абмяжоўвалі б выезд людзей з аднаго рэгіёна краіны ў іншы, пакуль няма, – да такога наўрад ці можа дайсці.
Аднак можна звычайную працу назваць бітвай за ўраджай. Вайной. А на вайне можна ўводзіць абмежаванні, спецыяльныя правілы – фактычна надзвычайнае становішча.
Лукашэнка, дарэчы, любіць пра такое гаварыць. А калі надзвычайнае становішча, то якія правы? Тады можна правы абмяжоўваць, забараняць выязджаць, бо ў нас вайна, а не проста праца.
Калі не прыгоннае права, то савецкую сістэму прымусовага замацавання работнікаў у сельскую гаспадарку Лукашэнка цалкам можа вярнуць. Юрыдычна забараніць чалавеку звольніцца або змяніць месца жыхарства сёння не выглядае магчымым. Аднак стварыць такія адміністрацыйныя і эканамічныя ўмовы, каб ён фактычна не мог сысці з гаспадаркі, – цалкам рэальна. Райвыканкамы будуць спрабаваць кантраляваць, хто і куды пераходзіць, выкарыстоўваючы залежнасць ад жылля, службовых кватэр, сацыяльных выплат і іншых рэсурсаў.
А чаму людзі не павінны пакідаць сваю вёску? Бо ў сельскай гаспадарцы ў нас дармаедства празмернае. 7 лістапада Лукашэнка паўтараў гэтае слова некалькі разоў:
«Бо ў сельскай гаспадарцы ў нас дармаедства празмернае. Гэта я ўжо бачу. Дармаедства быць не павінна».
І ў гэтым выпадку гэта не проста ўласцівая гэтаму персанажу балбатня для публікі. Гэтая рэпліка адпавядае дзяржаўнаму курсу апошніх гадоў. Улады працягваюць паступова змяняць прыярытэты дзяржаўных выдаткаў. Доля сродкаў, накіраваных на сацыяльную сферу, скарачаецца, а ўсё большая частка бюджэту ідзе на падтрыманне эканомікі, сілавыя ведамствы і нацыянальную абарону. Праект бюджэту на 2027 год працягвае гэтую тэндэнцыю і не дае падставаў чакаць, што дзяржава будзе імкнуцца актыўна павышаць дабрабыт грамадзян.
У 2022 годзе на сацыяльную сферу было накіравана 45%, але пасля гэты паказчык пачаў зніжацца. У 2026 годзе ён складаў ужо 41,9%.
Гэтае змяненне адбываецца на фоне шматразовых заяў Лукашэнкі пра тое, што беларусы занадта разлічваюць на дзяржаўную дапамогу і павінны самастойна дбаць пра сваё матэрыяльнае становішча. Фактычна ўлады ўсё больш выразна даюць зразумець: магчымасці дзяржавы падтрымліваць насельніцтва не бязмежныя, а грамадзянам варта меней разлічваць на бюджэт. А пакуль бюджэтныя сацыяльныя выплаты будуць зніжацца, дык замест гэтага павінна быць што? Любімае слова Лукашэнкі – дысцыпліна:
«Каб была жалезная дысцыпліна! Так, як сёння, павінна быць кожны дзень. Гэта маё найжорсткае патрабаванне. Не будзе – галовы паляцяць адразу».
Дысцыпліна – гэта значыць маўча, без прэтэнзій, працаваць, нічога не патрабаваць, бо ў рэпрэсіўнай сістэме дзяржавы сёння патрабаваць і нават скардзіцца даўно стала небяспечна. Адзін блогер нядаўна распавёў пра гадзінныя чэргі ў паліклініцы – адразу патэлефанавалі з міліцыі.
30 з лішнім гадоў дамагацца дысцыпліны і парадку, перашкаджаць развіццю на вёсцы прыватнага бізнесу, шалёныя грошы ўкідваць з бюджэту на падтрымку дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў. А цяпер нарэшце прызнаць, што гэта распладзіла «дармаедаў». І хто ж гэта зрабіў? І ў выніку прыехаць у свой Шклоўскі раён і сваім жа людзям казаць, што дапамогі ад дзяржавы больш не будзе:
«Мы даём вам вуду, ідзіце лавіце рыбу. Рыбу ніхто не дасць. Гэта шкодна. Вось мы надавалі рыбу сельскай гаспадарцы, а сёння думаем – слухай, раздаваць грошы гэта няправільна».
Хто гэта кажа? Капіталіст, які хоча скасаваць сацыяльныя дасягненні рабочых? Эканаміст-лібертарыянец? Мілтан Фрыдман? Маргарэт Тэтчэр? Не, гэта кажа чалавек, які ў пачатку нулявых будаваў «рыначны сацыялізм», потым хваліўся сацыяльнымі дасягненнямі, а цяпер раптам зразумеў, што раздаваць грошы – гэта няправільна.
У выніку вымалёўваецца новая рэальнасць беларускай так званай сацыяльнай дзяржавы: яна фармальна захоўвае свае абавязкі перад грамадзянамі, але яе доля ў размеркаванні дзяржаўных рэсурсаў скарачаецца. На першы план выходзяць бяспека, абарона і іншыя дзяржаўныя патрэбы. А насельніцтву Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі ўсё часцей прапануюць самастойна вырашаць свае матэрыяльныя праблемы. «Рыбу даваць больш не будзем, самі лавіце».
Віталь Цыганкоў, «Белсат»