«Нядобрасумленныя аграрыі чамусьці не праявілі цудаў гераізму і стойкасці»
- 15.11.2026, 12:57
У выніку можна скончыць, як візантыйскі імператар Нікіфор.
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» падзяліўся гісторыяй пра завышаныя дыпламатычныя чаканні:
— Пра тое, як імператар Нікіфор, па мянушцы Абшчак, вырашыў зэканоміць і адправіў нядобрасумленных сялян у войска, я табе нядаўна распавядаў. І, здавалася б, імператар, які эканоміць на войску, мусіў бы мець сціплыя жыццёвыя амбіцыі. Але выйшла зусім наадварот.
Дваццаць гадоў таму Імперыя прайграла вайну Арабскаму Халіфату. Пасля гэтага папярэдніца Нікіфара, імператрыца Ірына, згадзілася плаціць арабам штогадовую даніну.
Ну і многія, вядома, лічылі, што для вялікай Імперыі плаціць арабам даніну трошачкі прыніжальна. Таму Нікіфор Абшчак вырашыў, што ён павінен падняць Імперыю з кален і ўступіў у непасрэдныя дыпламатычныя зносіны з халіфам Харуном ар-Рашыдам. То-бок напісаў халіфу ліст са сваімі мірнымі ініцыятывамі.
І вось, калі б імператар абмежаваўся тым, што перастаў плаціць халіфу даніну, гэта магло б не мець для яго ніякіх непрыемных наступстваў.
Бо ў халіфаце ў той час былі пэўныя ўнутраныя ўскладненні, і халіф зусім не хацеў, каб да іх дададзаліся яшчэ і знешнія.
Але Нікіфор жа сябе ў сваіх дыпламатычных ініцыятывах нічым не абмяжоўваў. Бо ў Нікіфара Імперыя ўставала з кален.
Таму ён не толькі запатрабаваў ад Харуна ар-Рашыда вярнуць даніну за апошнія дваццаць гадоў, але яшчэ і кампенсаваць яму маральную шкоду.
«Ірына заплаціла табе грошы, якія, наадварот, ты павінен быў заплаціць ёй. Прычынай таму былі жаночая слабасць і дурнасць. Калі ты прачыташ мой ліст, вярні мне атрыманыя ад яе грошы і выкупі сваю віну, заплаціўшы мне тое, што мне ад цябе належыць».
Ну і, вядома, такіх абразлівых выказванняў ніводны прыстойны халіф стрываць не мог. Калі б халіф такое стрываў, яму было б потым няёмка перад сваімі пацанамі. Таму Харун ар-Рашыд сабраў войска і асабіста павёў яго супраць Імперыі.
Ну і Нікіфор таксама, вядома, павёў сваё войска. Але нядобрасумленныя сяляне, якіх імператар адправіў на перавыхаванне ў войска, чамусьці не праявілі цудаў гераізму і стойкасці.
Таму з вайной у Нікіфара не заладзілася. У вырашальнай бітве імператар атрымаў тры раненні і выратаваўся толькі цудам.
І трэба табе сказаць, што пасля гэтага імператарскія прэтэнзіі цудоўным чынам прыйшлі ў гармонію з імператарскімі магчымасцямі. Імператар выплаціў халіфу кампенсацыю маральнай шкоды і вярнуў даніну, якую плаціла імператрыца Ірына.
І ў якасці вішанькі на торце халіф абклаў асабістым падаткам імператара і ўсіх членаў яго сям'і. То-бок, калі да ўставання з кален Імперыя проста плаціла арабам даніну, то пасля імператар стаў асабістым падданым арабскага халіфа.
Праўда, жыццё Нікіфара нічому яго не навучыла. Праз некалькі гадоў у яго здарыўся такі ж дыпламатычны дысананс з балгарамі, па выніках якога балгарскі хан зрабіў з чарапа імператара чару.
Увогуле, трэба ставіць перад сабой рэальныя мэты. А няадпаведнасць жаданняў магчымасцям можа мець трагічныя наступствы. Можна скончыць, як імператар Нікіфор.