«Тры рады зніклі за долю секунды»
4- 17.11.2026, 12:33
- 3,160
Беларусы зноў не могуць трапіць на навагоднія шоў у цырку.
Мінчукі зноў сутыкнуліся з праблемамі пры куплі квіткоў на навагоднія прадстаўленні ў Белдзяржцырку. Продажы адкрылі 16 лістапада, аднак ужо праз некалькі хвілін гледачы пачалі скардзіцца, што на большасць першых шоў месцаў не засталося, піша «Onlíner».
На больш познія даты можна было знайсці хіба што асобныя месцы ў розных канцах залы або дарагія квіткі ў VIP-ложы. Праз некалькі гадзін цырк дадаў два дадатковыя прадстаўленні, але і на іх свабодных месцаў ужо амаль не засталося.
76 прадстаўленняў, а квіткоў амаль няма
Сёлета ў Белдзяржцырку падрыхтавалі праграму «Навагодняя акваторыя». Яна будзе ісці штодня з 12 снежня па 17 студзеня. Усяго ў афішы цяпер 76 прадстаўленняў, прычым у некаторыя дні запланавана адразу па тры шоў. Цэны стартуюць ад 25 рублёў.
Анлайн-продажы квіткоў адкрыліся ўдзень 16 лістапада. Але, судзячы па паведамленнях гледачоў у сацыяльных сетках, набыць месцы на зручную дату і для ўсёй сям'і аказалася няпроста. Ужо праз лічаныя хвіліны пасля пачатку продажаў на значную частку першых прадстаўленняў квіткоў не было ўвогуле. Вось што пішуць людзі ў каментарыях пад афішай у Instagram цырка:
— Чацвёрты год не можам трапіць ні на адну дату.
— Кожны год адно і тое ж: аб'ява ёсць, а квіткоў няма.
— І квіткоў, як заўсёды, няма: адразу за адну хвіліну на ўсе даты і ўвесь час распрададзена. Містыка які год.
— Я выпадкова зайшла на сайт, калі квіткі толькі пачалі з'яўляцца, абнаўляла і, вы не паверыце, квіткоў амаль не ўбачыла, а на тое, што паспела заўважыць, не паспела нават націснуць: тры рады зніклі за долю секунды. Проста нейкая жэсьць. На трох чалавек давялося браць урозь. І гэта ў першыя секунды з'яўлення квіткоў.
Журналісты некалькі разоў на працягу некалькіх гадзін заходзілі на старонкі розных прадстаўленняў і правяралі наяўнасць месцаў. На больш позніх датах яшчэ сустракаліся каляровыя кружочкі, але найчасцей гэта былі адзіночныя крэслы, раскіданыя па розных канцах залы.
Іншы варыянт — VIP-ложы коштам 100 або 150 рублёў.
Дарагія ложы ўвесь гэты час заставаліся ў продажы: свабодныя месцы там можна знайсці і цяпер нават для цэлай сям'і. Падобна, што такі варыянт гледачы разбіраюць неахвотна. У каментарыях людзі справядліва адзначаюць, што паход на навагодняе прадстаўленне ўсёй сям'ёй за 300—500 рублёў — занадта дарагое задавальненне.
Сярод гнеўных паведамленняў сустракаецца і пахвальба: нехта ўсё ж паспеў урваць нядорагія квіткі на некалькіх чалавек у адным радзе. На просьбу падзяліцца лайфхакам шчасліўчыкі ў асноўным спасылаюцца або на банальную ўдачу, або на горкі досвед мінулых гадоў, які навучыў маніторыць квіткі амаль кругласутачна, а потым рэагаваць за долі секунды.
Дадалі яшчэ два прадстаўленні. Але квіткі скончыліся і там
Праз некалькі гадзін пасля з'яўлення афішы і шматлікіх скаргаў Белдзяржцырк абвясціў пра два дадатковыя прадстаўленні — 12 і 19 снежня.
Спачатку на абодва шоў былі даступныя месцы практычна ва ўсіх сектарах. У сацыяльных сетках нават пачалі з'яўляцца скрыншоты з заклікамі не ўпусціць магчымасць купіць квіткі.
Аднак праз некалькі гадзін пад гэтымі публікацыямі зноў пачалі з'яўляцца паведамленні пра тое, што месцаў больш няма.
Журналісты праверылі сітуацыю на сайце: на дадатковых прадстаўленнях амаль цалкам заняты нават VIP-ложы, а ў звычайных сектарах заставаліся толькі адзінкавыя свабодныя крэслы, куды можна пасадзіць хіба што падлетка-сацыяфоба.
На першае з дадатковых прадстаўленняў засталося толькі чатыры VIP-квіткі і адзін за 70 рублёў (на момант гэтага скрыншота ўдзень 17 лістапада)
«Усе квіткі выкупілі прафсаюзы. А што рабіць нам, звычайным людзям?»
У каментарыях да публікацый Белдзяржцырка людзі мяркуюць, што значную частку квіткоў загадзя размеркавалі паміж прафсаюзнымі арганізацыямі.
Адна з карыстальніц распавяла, што яе муж прыязджаў у касу цырка і спрабаваў купіць квіткі там. Паводле яе слоў, яму адказалі, што продажы вядуцца толькі анлайн, а большасць месцаў нібыта выкупілі яшчэ паўгода таму.
— Усё!!! Назбіралася, накіпела!!! Кожны год адно і тое ж: хай жывуць «галодныя гульні». Я, вядома, разумею, што працадаўцы закупляюць вялікую колькасць для дзяцей супрацоўнікаў, але, можа, будзем усталёўваць максімальную колькасць квіткоў для продажу ім? Мы таксама хочам наведаць цырк, на працы асабіста мне ніякіх квіткоў не даюць.
— Другі год не можам звезці дзіця на навагодняе прадстаўленне ў цырк. Толькі выставілі афішу, а квіткоў няма, дык, пытаецца, навошта вы яе выставляеце? Пішыце адразу: квіткоў няма — і ўсё, а то ствараеце ажыятаж і людзей толькі нервуеце. Я тэлефанавала ў касы, мне сказалі, што прафсаюзы яшчэ ў студзені пакідаюць заяўкі. Дык а што рабіць нам, звычайным людзям, як дзяцей у цырк звезці?
Пра праблему з купляй квіткоў на навагоднія прадстаўленні Белдзяржцырка Onlíner пісаў і ў лістападзе 2025 года. Тады сітуацыя была аналагічная: чытачы таксама распавядалі, што не маглі знайсці месцы нават праз дзень пасля пачатку продажаў; на сайце квітковага аператара заставаліся асобныя крэслы і дарагія месцы ў ложах.
У Белдзяржцырку тады распавядалі, што квіткі на снежаньскія і студзеньскія прадстаўленні раскупілі прыблізна за двое сутак. Таксама там пацвердзілі, што частку месцаў сапраўды перадаюць прафсаюзам і ўстановам адукацыі. Паводле слоў прадстаўнікоў цырка, калектыўныя заяўкі на сотні і нават тысячы квіткоў паступаюць пачынаючы з лютага, таму значная частка месцаў размеркавваецца загадзя.
У адказ на высокі попыт у мінулым годзе таксама дадалі два дадатковыя прадстаўленні. На кожнае з іх было даступна па 1580 квіткоў, якія, як паведамілі ў цырку, прадалі за дзве гадзіны. Пры гэтым правядзенне яшчэ большай колькасці шоў назвалі тэхнічна немагчымым.
У Белдзяржцырку таксама адзначалі, што скаргі на недахоп квіткоў паступаюць штогод, а раней набытыя месцы часам вяртаюцца ў продаж. Таму гледачам раілі перыядычна правяраць сайт квітковага аператара.