Крымскі мост спарадзіў для Расіі нечаканы «эфект даміно»
2- 22.11.2026, 20:55
Удар закрануў сістэму ўнутраных водных шляхоў і нафтаперапрацоўку.
Прэзідэнт Цэнтра глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Міхаіл Ганчар распавёў пра важную асаблівасць Керчанскага моста: «Гэта той выпадак, калі спрацавалі непрадбачаныя абставіны, бо наўрад ці, калі мост праектаваўся, хтосьці з праектантаў адпрацоўваў сцэнар, што будзе, калі мост будзе разбураны і ягоная частка ўпадзе на дно Керч-Енікальскага канала, які з’яўляецца адзіным месцам для праходу праз Керчанскі пралів, што злучае не толькі Азоўскае мора з Чорным, але і цэлую сістэму ўнутраных водных шляхоў у Расіі з Азовам і праз Азоў з Чорным морам».
Сваё меркаванне пра тое, якія наступствы чакаюць расейцаў пасля пашкоджанняў Керчанскага моста, Міхаіл Ганчар агучыў у эфіры SLAWA TV на YouTube.
«З-за непрадбачаных наступстваў паўстала сітуацыя пошуку нейкага хуткага тэхнічнага рашэння. Што рабіць, каб разблакаваць Керч-Енікальскі канал, якім цяпер праход суднаў немагчымы, а абысці яго судны не змогуць, бо канструкцыя моста, як мы бачым візуальна, зробленая такім чынам, што, акрамя цэнтральнай часткі, дзе знаходзіцца суднаходны канал, астатняя частка моста размешчаная даволі нізка над вадой і, адпаведна, судны нават класа рака-мора наўрад ці змогуць там прайсці», – растлумачыў Ганчар.
«Тут сітуацыю яшчэ трэба разумець так, што перыяд з лістапада па сакавік – гэта перыяд, калі навігацыя па сістэме Волга-Дон, якая злучае і Каспій, і Волгу, і Дон з Азовам, не ажыццяўляецца, бо ва ўмовах халоднага надвор’я вада на рэках замярзае. Таму гэтая навігацыя мае сезонны характар, але яна вельмі важная. Прывяду толькі адзін прыклад. Па сістэме гэтых унутраных водных шляхоў і далей праз Азоў і Керч-Енікальскі канал гэтай сістэмай карыстаюцца пятнаццаць нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі», – праінфармаваў украінцаў эксперт.