Пан у гарніцу запрасіў
- Абас Галямоў
- 20.11.2026, 10:26
Прыніжэнне Пуціна стала яшчэ больш відавочным.
Цяпер многія называюць Пуціна «галоўным бенефіцыярам» нядаўняга саміту. «Сустрэча стала яго дыпламатычным поспехам», піша Reuters. Такім чынам расійскі «прэзідэнт» «набыў міжнародную легітымнасць і пазбавіўся статусу ізгоя», — заявіў агенцтву намеснік дырэктара Брытанскага Каралеўскага аб’яднанага інстытута абаронных даследаванняў Джонатан Эял.
«Менавіта Пуцін тут выйграў у найбольшай ступені, бо, падобна, ён узняўся па кар’ернай лесвіцы, заняўшы месца за сталом уплывовых людзей», — сказала «Аль-Джазіры» дырэктар Цэнтра даследаванняў Расіі, Еўропы і Азіі Тэрэза Фэллон.
То-бок, на думку каментатараў, «поспех» Пуціна палягае не ў тым, што ён дамогся ад Трампа і Сі нейкіх змястоўных саступак, зусім не. «Поспехам» называюць сам факт таго, што Пуціну дазволілі прысутнічаць на мерапрыемстве з удзелам найбольш уплывовых сусветных лідараў.
Праблема ў тым, што Пуцін і сам прэтэндуе на статус аднаго з гэтых лідараў. І прэтэндуе не проста, а цягам многіх гадоў выбудоўвае вакол гэтай прэтэнзіі ўсю сваю знешнюю палітыку. Выбудоўвае-выбудоўвае, а потым раптам выходзіць, што для шчасця яму досыць паседзець з кіраўнікамі Кітая і Амерыкі за адным сталом.
Ні ў выпадку з Сі, ні ў сітуацыі з Трампам ніхто не кажа, што ўдзел у сённяшнім мерапрыемстве з’яўляецца для іх «поспехам», а вось у выпадку з Пуціным — кажуць. Сам гэты факт падкрэслівае, у якіх розных вагавых катэгорыях яны знаходзяцца.
Прабачце, але гэта як калі б прыгонны радаваўся таму, што пан запрасіў яго ў гарніцу.
Крэмль, вядома, скажа, што Зяленскага, маўляў, нават і ў гарніцу не запрасілі. Ну, па-першае, давайце ўспомнім, што гэта не быў спецыяльна скліканы «саміт лідараў вялікіх дзяржаў», хоць расійская прапаганда, вядома, паспрабуе падаць тое, што адбылося, менавіта так. Але мы з вамі памятаем, што гэта была сустрэча на палях саміту АТЭС, а Украіна не мае да АТЭС ніякага дачынення.
Па-другое — і гэта галоўнае — Украіна, у адрозненне ад Расіі, ніколі і не прэтэндавала на званне звышдзяржавы, адпаведна, яе адсутнасць на саміце ніякім чынам не ўмальвае таго сціплага статусу, які яна сабе выбрала і згодна з якім жыве.
Пуцін любіць апеляваць да досведу СССР, дык вось: пра савецкае кіраўніцтва ніхто ніколі не казаў, што яно выйграла ад самога факту ўдзелу ў перамовах з лідарамі ЗША і Кітая. А вось пра лідара сучаснай Расіі такое кажуць.
Увогуле, парадокс сітуацыі ў тым, што чым значней выглядае «перамога», якая заключаецца ў атрыманні Пуціным месца за сталом вялікіх дзяржаў, тым больш відавочна, наколькі далёка ад гэтага стала ён насамрэч знаходзіцца.
Абас Галямоў, «Тэлеграм»