Пракуроры ў Гродзенскай вобласці занепакоіліся з-за байкоту БРСМ
1- 20.11.2026, 10:28
Школьнікі і студэнты не хочуць уступаць у «лукамол».
«Недахопы» ў «патрыятычным выхаванні» школьнікаў Гродзенскай вобласці выявіла пракуратура рэгіёна. Прэтэнзіі ў супрацоўнікаў нагляднага ведамства ўзніклі ў тым ліку да працы ваенна-патрыятычных клубаў, а таксама БРСМ у каледжах, піша «Зеркало».
Пракуроры зрабілі выснову, што прымаемыя меры па патрыятычным выхаванні моладзі ў Гродзенскай вобласці «нельга прызнаць дастатковымі».
У ведамстве адзначылі, што непаўналетнія працягваюць распаўсюджваць у інтэрнэце забароненыя матэрыялы.
У прыклад прывялі два выпадкі, калі школьнікі публікавалі ў мэсэнджарах нацысцкую сімволіку і «іншую інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Акрамя таго, пракуроры выявілі парушэнні ў дзейнасці факультатываў патрыятычнага кірунку.
«У выніку аслаблення кантролю з боку кіраўнікоў устаноў адукацыі дапускаліся факты фармалізму пры арганізацыі работы, неналежнага ўліку праведзеных заняткаў і парушэнняў працоўнай дысцыпліны педагогамі», — заявілі ў наглядным ведамстве.
Пытанні ўзніклі і да ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тут знайшлі «недахопы ў рабоце ваенна-патрыятычных клубаў», а таксама адзначылі слабую «ўцягнутасць навучэнцаў у дзейнасць ГА БРСМ».
У пракуратуры таксама дадалі, што на інфармацыйных стэндах асобных устаноў адукацыі размяшчаліся неактуальныя звесткі пра ход расследавання крымінальнай справы аб «генацыдзе беларускага народа», а экіпіроўка сцягавых груп знаходзілася ў неналежным стане.
Па выніках праверкі пракуроры ўнеслі чыноўнікам, а таксама кіраўнікам устаноў адукацыі 12 прадстаўленняў. Ад намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама запатрабавалі прыняць «вычарпальныя меры па ўстараненні выяўленых парушэнняў і павышэнні эфектыўнасці патрыятычнага выхавання моладзі».