Альтэрнатыва Starlink: у Бельгіі адкрылі найбуйнейшы завод спадарожнікаў у Еўропе
- 26.11.2026, 13:48
Кароль Філіп урачыста адкрыў «Мегафабрыку».
Кароль Бельгіі Філіп урачыста адкрыў «Мегафабрыку» кампаніі Aerospacelab у Марсінелі, якая будзе вырабляць спадарожнікі сістэмы сувязі IRIS².
Пра гэта паведамляе сайт бельгійскай манархіі.
Адзначаецца, што гэты комплекс займае плошчу 20 тысяч кв. м і мае вытворчую магутнасць да 500 спадарожнікаў у год, а таксама з'яўляецца найбуйнейшым прадпрыемствам па вытворчасці спадарожнікаў у Еўропе і трэцім па велічыні ў свеце.
Паводле задумы кампаніі, ён будзе садзейнічаць умацаванню еўрапейскай аўтаноміі ў касмічнай сферы, у прыватнасці дзякуючы ўдзелу ў вырабе 264 спадарожнікаў для IRIS² — будучай еўрапейскай сеткі абароненай спадарожнікавай сувязі. Гэты праект рэалізуецца ў межах кантракта, агульны кошт якога ацэньваецца ў 2,4 млрд еўра.
Што вядома пра IRIS²
IRIS² — гэта шматарбітальная спадарожнікавая сістэма сувязі Еўрапейскага саюза, прызначаная забяспечыць абароненую і незалежную сувязь для дзяржаўных структур, абароны і камерцыйных карыстальнікаў.
Новая сістэма павінна паменшыць залежнасць ЕС ад замежных спадарожнікавых сетак, у прыватнасці Starlink, ліквідаваць «мёртвыя зоны» сувязі і ўзмацніць лічбавую бяспеку і аўтаномію. Сярод ключавых кірункаў новай сістэмы — урадавая і абаронная сувязь, крызіснае рэагаванне, абарона крытычнай інфраструктуры, а таксама камерцыйны інтэрнэт для бізнесу і аддаленых рэгіёнаў.