У Італіі аднавілі расследаванне справы П’ера Пазаліні
- 3.11.2026, 11:02
- 1,976
Праз 51 год пасля яго гібелі.
Пракуратура Італіі аднавіла расследаванне забойства кінарэжысёра П’ера Паола Пазаліні праз 51 год пасля яго гібелі. Юрыст Стэфана Мачоні прадставіў раней невядомыя архіўныя кінаплёнкі і іншыя сведчанні, якія могуць кінуць новае святло на абставіны забойства. Паводле слоў Мачоні, у справе таксама з’явіўся новы сведка, паведамляе «Радыё Свабода».
«Мы верым, што рымская пракуратура нарэшце можа даць тыя адказы, якіх мы так доўга чакалі, — заявіў Мачоні. — У той жа час мы заклікаем усіх, хто дагэтуль маўчаў пра тое, што ведае, выйсці і загаварыць».
Мачоні ўжо некалькі разоў дабіваўся аднаўлення расследавання — у 2010, 2016 і 2023 гадах, — але пракуратура адмаўляла яму. У 2023 годзе адзін з былых сябраў мафіёзнай групоўкі Magliana Gang заявіў, што забойства рэжысёра магло быць звязана з крадзяжом арыгінальнай кінаплёнкі з фрагментамі фільма Пазаліні «Сало, або 120 дзён Садома» і са спробай рэжысёра вярнуць яе.
Паэт і адзін з найвыбітнейшых італьянскіх кінарэжысёраў ХХ стагоддзя Пазаліні быў забіты ў ноч з 1 на 2 лістапада 1975 года. Яго цела са слядамі жорсткіх катаванняў знайшлі на пляжы ў Асціі. Вінаватым у забойстве прызналі 17-гадовага сэкс-працаўніка Джузэпэ Пелозі (Пазаліні быў адкрытым геем). На судзе Пелозі прызнаў віну і быў асуджаны на 10 гадоў, але ў 2005 годзе заявіў, што схлусіў і рэжысёра не забіваў. Паводле яго слоў, забойцаў было некалькі, і яны напалі на Пазаліні з крыкамі «Пракляты камуніст!» (Пазаліні сімпатызаваў італьянскай Кампартыі). Паводле іншай версіі, рэжысёр мог мець доступ да камерцыйных таямніц нафтагазавай кампаніі ENI. Пасля таго як Пелозі адмовіўся ад прызнання віны, расследаванне аднаўлялі, але вынікаў яно не прынесла.