Пуцін зноў накіраваў Мядзінскага на перамовы з Украінай
5- 3.11.2026, 13:39
- 3,696
Фота: NEWS.ru
СМІ ўбачылі ў гэтым рашэнні важны сігнал.
Памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі, вядомы сваёй канцэпцыяй «дадатковай храмасомы» ў рускага народа, ізноў прызначаны кіраўніком расійскай дэлегацыі на маючых адбыцца трохбаковых перамовах па Украіне, якія пройдуць у Абу-Дабі 10–11 лістапада. Пра гэта на брыфінгу ў аўторак паведаміў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.
Паводле яго слоў, у Уладзіміра Пуціна пакуль няма планаў даваць указанні Мядзінскаму і іншым чальцам дэлегацыі адносна будучай сустрэчы, якая стане першай для прадстаўнікоў Масквы і Кіева з часу жэнеўскага раўнда ў лютым гэтага года.
«У цэлым амаль усе ўдзельнікі расійскай дэлегацыі і так рэгулярна дакладваюць прэзідэнту па бягучых пытаннях і атрымліваюць адпаведныя ўказанні ад кіраўніка дзяржавы», — адзначыў Пяскоў.
Мядзінскага, былога міністра культуры, якога лічаць адным з галоўных ідэолагаў Крамля, называюць «прыхільнікам жорсткай лініі» з боку РФ на перамовах, піша The Moscow Times.
У чэрвені мінулага года пасля адной з сустрэч з украінскім бокам у Турцыі ён заяўляў, што Украіна для заканчэння вайны павінна прыняць умовы Масквы, адмовіцца ад інтэграцыі з Захадам, а таксама пагражаў новымі захопамі тэрыторый, настойваючы, што «з Расіяй немагчыма весці працяглую вайну». Ён таксама сцвярджаў, што Расія гатовая ваяваць «столькі, колькі спатрэбіцца» і прыводзіў у прыклад руска-шведскую вайну пачатку XVIII стагоддзя, якая цягнулася 21 год.
Кожны раз, калі расійскую дэлегацыю ўзначальвае Мядзінскі, — гэта сігнал, што Масква хоча «палітычна-ідэалагічнай» лініі на перамовах, у адрозненне ад сітуацый, калі Крэмль накіроўвае на сустрэчы вайскоўцаў і прадстаўнікоў спецслужбаў, якія могуць абмяркоўваць тэрыторыі, мірныя гарантыі і пытанні бяспекі, адзначае Марына Фаліна, прафесар Утрэхцкага ўніверсітэта.
Менавіта Мядзінскі стаў прычынай тупіку ў папярэднім раўндзе перамоваў на пачатку года, распавядалі знаёмыя з сітуацыяй крыніцы Axios. Уладзімір Зяленскі тады распавядаў, што экс-міністр культуры, аўтар прапагандысцкага падручніка па гісторыі з апраўданнем расійскага ўварвання ва Украіну, як і Пуцін, любіць філасофстваваць пра «гістарычныя карані» вайны. «У нас няма часу на ўсё гэтае лайно, мы павінны скончыць гэтую вайну», — тлумачыў Зяленскі.