3 лiстапада 2026, aўторак, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы за суткі сабралі грошы на лячэнне маладой маці

3
Беларусы за суткі сабралі грошы на лячэнне маладой маці

Дзяржава адмовілася аплачваць неабходны супрацьпухлінны прэпарат.

37-гадовая беларуска Алеся ўжо чатыры гады змагаецца з трайна негатыўным ракам малочнай залозы чацвёртай стадыі. Жанчына адна выхоўвае чатырохгадовага сына. Пра дыягназ яна даведалася, калі дзіцяці быў год.

За гэты час Алеся прайшла пяць ліній хіміятэрапіі. Паводле яе слоў, магчымасці бясплатнага лячэння вычарпаныя, а хвароба працягвае прагрэсаваць.

Цяпер жанчыне неабходны супрацьпухлінны прэпарат «Эрыбулін». Ён зарэгістраваны ў Беларусі, але не ўключаны ў Рэспубліканскі фармуляр лекавых сродкаў. Таму Мінздароўя адмовілася прадаставіць прэпарат за кошт дзяржавы. Пазітыўнага рашэння не прынялі і два кансіліумы ў РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава. Адзін курс прэпарата каштуе каля 5000 рублёў.

Пра сваю сітуацыю Алеся расказала 2 лістапада ў Threads.

«Беларусы, як думаеце, у Год беларускай жанчыны адзінокая маці чатырохгадовага дзіцяці можа папрасіць у дзяржавы купіць мне хіміятэрапію для лячэння 4-й стадыі самага агрэсіўнага раку малочнай залозы? Усе эфектыўныя лініі лячэння ўжо скончыліся за чатыры гады барацьбы. Але я гатовая яшчэ лячыцца, а больш няма чым. Мінздароўя прапануе за свой кошт працягваць лячэнне», — напісала жанчына.

Алеся паведаміла, што адкрые збор на першыя курсы, бо ў яе няма часу чакаць рашэння чыноўнікаў.

«Вельмі хацелася б атрымаць лячэнне ад дзяржавы, таму што, калі спрацуе, то яго давядзецца кропіць пажыццёва, пакуль будзе ўтрымліваць хваробу ў стабілізацыі», — дадала яна.

Менш чым за суткі неабыякавыя беларусы сабралі неабходную суму. Атрыманых грошай хопіць на шэсць курсаў лячэння.

«Мяне разрывае ад удзячнасці кожнаму з вас. Я першапачаткова зайшла ў Threads з пытаннем: „Беларусы, як вы думаеце?“. А беларусы не сталі доўга думаць, беларусы ўзялі і дапамаглі. Вялікі, вялізны, бязмежны дзякуй кожнаму! Збор закрыты», — паведаміла Алеся.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲