СМІ: Малады Орбан быў інфарматарам спецслужбаў
6- 6.11.2026, 12:34
- 4,360
Яго даносы могуць захоўвацца ў Маскве.
Былы прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан у маладыя гады, магчыма, супрацоўнічаў са спецслужбамі камуністычнага рэжыму і пісаў даносы на сваіх таварышаў па службе. Арыгіналы гэтых справаздач могуць захоўвацца ў Маскве.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расследаванне венгерскага журналіста Саболча Госпожы.
Саболч спасылаецца на паказанні былога прэм’ер-міністра Венгрыі Міклоша Немета, які ўзначальваў урад у 1988–1990 гадах.
У заяве, датаванай 30 сакавіка 2026 года, Немет згадвае сустрэчу, якая адбылася незадоўга да першых свабодных выбараў у Нацыянальны сход, у сакавіку 1990 года.
Паводле яго слоў, тагачасны міністр абароны Фэрэнц Карпаты перадаў яму тры арыгінальныя, напісаныя ад рукі і падпісаныя агентурныя справаздачы, якія, як сцвярджалася, належалі Орбану.
Гэтыя справаздачы ўтрымлівалі назіранні Орбана адносна яго таварышаў па службе падчас праходжання ім тэрміновай службы ў Залаэгерсеге, у прыватнасці іх паводзінаў, а таксама палітычных, сэксуальных і рэлігійных поглядаў.
Аднак Немет адзначыў, што ў яго не было магчымасці праверыць асобу аўтара, а таксама сапраўднасць почырку і подпісу, хоць ён, як яму здавалася, іх распазнаў. Дакументы ён вярнуў Карпаты, а копій не захаваў.
Пазней дакументы зніклі, таму дзе яны цяпер — невядома. Спікер Орбана, да якога звярнуўся журналіст, назваў гэтую інфармацыю фэйкам.
Міклош Немет падзяліўся сваёй інфармацыяй пасля змены ўлады ў Венгрыі, калі гэта стала магчыма дзякуючы змяненню заканадаўства.
Паводле слоў Немета, які ўжо выйшаў на пенсію, у апошнія гады ён чакаў такіх змяненняў у заканадаўстве, якія дазволілі б абнародаваць матэрыялы, што знаходзяцца ў ягоным валоданні.
А ў верасні, пасля прыняцця ўрадам Венгрыі закона аб пашырэнні доступу да дзяржаўных дакументаў, ён перадаў гэтыя матэрыялы ў архіў.