7 лiстапада 2026, Субота, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі лекар-палітэмігрант стаў адным з самых яскравых персанажаў польскага серыяла

Беларускі лекар-палітэмігрант стаў адным з самых яскравых персанажаў польскага серыяла
Ілюстратыўнае фота: thesimsforum.pl

На ягонай спіне — выжжана слова «здраднік».

Гісторыя беларускага лекара, вымушанага пакінуць радзіму пасля пратэстаў, стала адной з сюжэтных ліній польскага серыяла «Анестэзія» (Znieczulenie), які выйшаў на стрымінгавай платформе Netflix. Яна паказвае драму многіх таленавітых беларускіх медыкаў, якім з-за «палітыкі» зноў давялося пачынаць кар’еру з самага нізу ў чужой краіне. У серыяле таксама згадваецца міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы, піша MOST.

Прэм’ера медыцынскай драмы рэжысёра Лукаша Остальскага (Łukasz Ostalski) адбылася 4 верасня 2026 года.

Паводле сюжэта серыяла доктар Лазар, якога іграе Лешэк Ліхота, — выбітны польскі нейрахірург. Аднак ягоная кар’ера ў Варшаве апынаецца пад пагрозай пасля смелай, але няўдалай аперацыі на галаўным мозгу маладога мужчыны. У выніку ён пераязджае ў Сувалкі — горад у Падляскім ваяводстве, прыкладна за 60 кіламетраў ад беларускай мяжы. Там ён уладкоўваецца ў мясцовую бальніцу.

«Я кардыяхірург. Быў ім у Беларусі»

Беларускі лекар Алег Кавалёў (яго іграе ўкраінскі акцёр Андрэй Жураўскі) — не цэнтральны, але яскравы персанаж. Праўда, паводле сюжэта ў Польшчы ён не можа працаваць урачом і ў асноўным прыбірае ў бальніцы.

У першай серыі ён дапамагае галоўнаму герою прымаць пацыента, якога толькі што ў цяжкім стане даставіла хуткая дапамога.

— Падобна на кантужанне міакарда, — кажа беларус.

— А ты адкуль ведаеш? — здзіўляецца нейрахірург.

— Я кардыяхірург. Быў ім у Беларусі. Тут я толькі прыбіраю, — адказвае ён.

Пазней Алег кажа, што ўжо падаў дакументы на дзяржаўны экзамен, які патрэбны, каб вярнуцца ў прафесію. Збіраецца здаваць праз паўгода. «Гэта вельмі доўга. Да таго часу пальцы занямеюць, хлопча», — кажа яму доктар.

Паводле сюжэта Алег прыехаў у Польшчу, адседзеўшы на радзіме за «палітыку». На паясніцы ў яго вялікі шрам — выжжанае слова «здраднік» (менавіта па-беларуску). Так стваральнікі польскага серыяла адлюстравалі тое, што герою давялося перажыць у турме.

Алег Кавалёў — калі не збіральны вобраз беларускага палітэмігранта, дык прынамсі той, хто спрабуе данесці супольны боль. Яго мучаць начныя кашмары, здараюцца ўспышкі агрэсіі. Тлумачачы свой стан, ён кажа: «У кожнага другога апазіцыянера трывожнае засмучэнне».

Беларускі лекар паказаны ў серыяле чалавекам, які востра адчувае чужы боль. Але пры ўсім высакародстве і прафесіяналізме Кавалёў — персанаж не ідэальны. Не спраўляючыся з перажытай траўмай, ён сярод белага дня крадзе псіхатропныя прэпараты, адцягваючы калегу фліртам. Потым адна з супрацоўніц знаходзіць Алега, што ляжыць на каталцы ў паўсвядомым стане. Пазней падчас сутычкі з калегам з яго кішэні выпадае амаль пустая ўпакоўка псіхатропнага прэпарата.

Міграцыйны крызіс у серыяле

У чацвёртай серыі нечакана падымаецца тэма міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы. Стваральнікі серыяла не завастраюць увагу на яго палітычных прычынах, ставячы ў цэнтр сюжэта драму мігрантаў.

Сужэнская пара выпадкова знаходзіць у лесе цёмнаскурую дзяўчынку і выклікае хуткую дапамогу. Разам з брыгадай медыкаў на месца здарэння накіроўваецца і нейрахірург Лазар, які апынуўся паблізу. Дзяўчынка ў крытычным стане: у яе няма пульсу і дыхання, а сэрца спыняецца. Аднак рэанімацыя дазваляе вярнуць дзіця да жыцця.

У бальніцы дзяўчынка, якую завуць Раня, прыходзіць да прытомнасці. Алег Кавалёў аказваецца ў гэты момант побач з ёй — і з дапамогай анлайн-перакладчыка даведваецца, што ў лесе засталася маці мігранткі. Ён у адзіночку адпраўляецца на яе пошукі.

Што ты рабіў у Беларусі? — Хацеў нешта змяніць

Знайшоўшы мігрантку ў лесе, Кавалёў бачыць, што яна параненая ў грудзі і мае патрэбу ў хірургічным умяшанні з-за скуплення вадкасці ў перыкардзе. Алег звяртаецца да Лазара па дапамогу і пераконвае яго правесці аперацыю ў падвале бальніцы, каб пра жанчыну не даведаліся і не дэпартавалі іх з дачкой у Беларусь. У выніку Кавалёў, які на той момант ужо 10 месяцаў не аперыраваў, праводзіць аперацыю сам, а паляк яму асістуе.

— А што ты ўвогуле рабіў у Беларусі? — пытаецца польскі лекар.

— Верыў у многія рэчы. Хацеў нешта змяніць.

— Але ўжо не верыш?

Гэтае пытанне застаецца без адказу. Аперацыя праходзіць паспяхова.

Як паказаная Беларусь і адносіны з палякамі

Нягледзячы на спрэчныя ўчынкі беларускага лекара, польскія калегі яго падтрымліваюць і прызнаюць ягоны прафесіяналізм нават без афіцыйных дакументаў. А псіхіятр, да якога ён трапляе, спрабуе дапамагчы яму справіцца з прывідамі мінулага і залежнасцю.

Пра Беларусь глядач даведваецца са слоў Кавалёва. «Ты не ведаеш, як у нас у Беларусі. З Польшчы не бачна, але дома многа людзей, якія хочуць, каб наша краіна была іншай», — распавядае ён свайму псіхіятру.

Хто іграе беларуса

Ролю беларускага лекара ў серыяле выканаў 31-гадовы ўкраінскі акцёр Андрэй Жураўскі. Ён нарадзіўся ў Львове. Акцёрскую адукацыю атрымаў у Кіеўскім нацыянальным універсітэце тэатра, кіно і тэлебачання імя І. К. Карпенка-Карага.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲