8 лiстапада 2026, Нядзеля, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі проста беглі»: беларуска расказала пра першыя хвіліны стрэльбы ў Кракаве

«Людзі проста беглі»: беларуска расказала пра першыя хвіліны стрэльбы ў Кракаве
ФОТА: ONET.PL

Як горад перажывае наступствы нападу.

Кіраўніца беларускага хабу «Прастора» ў Кракаве Кацярына пачула стрэлы, калі ішла на сустрэчу беларускай супольнасці. «Мы ўсе ў шоку», — сказала «Радыё Свабода» Кацярына. Беларускі гід у Кракаве Глеб Лепейка кажа, што ён уражаны тым, як спрацавалі польскія службы і як паводзяць сябе людзі.

«Стараліся быць усе разам і падтрымліваць адно аднаго»

У суботу, 7 лістапада, Кацярына ішла ў памяшканне хабу «Прастора», якое знаходзіцца ў цэнтры Кракава. Беларусы планавалі ўшанаваць памяць памерлых продкаў, уладкаваць традыцыйную памінальную вячэру (Дзяды). Па дарозе яна пачула стрэлы.

«Я пачула нейкія стрэлы, але падумала, што ў нас у горадзе вельмі часта нешта адбываецца: нейкія фестывалі, канцэрты. Бачу, што людзі бягуць, але мой мозг не адразу змог успрыняць, што гэта нейкая небяспека. Я пачала пытацца, што адбываецца, але мне ніхто не адказваў — людзі проста беглі. Толькі замежнікі па-англійску сказалі, што страляюць», — распавядае Кацярына.

Яна вырашыла не бегчы разам з натоўпам, а схавацца.

«Я ацаніла, што мне бліжэй забегчы ў наш дом, чым бегчы разам з усім натоўпам. Цяпер у нас ідзе рамонт фасаду, і я падумала, што хутчэй будзе схавацца за канструкцыямі гэтай будоўлі. Прыбегла туды. Памятаю, было каля без пяці тры», — кажа суразмоўніца.

Ужо знаходзячыся ў бяспецы, яна пачула, як на месца прыязджае паліцыя і гучаць сігналы сірэн.

У беларускай «Прасторы» ў гэты час пачалі збірацца людзі, што прыйшлі на памінальную вячэру. Яны сачылі за навінамі і стараліся падтрымліваць адно аднаго.

«Мы проста не верылі, што гэта адбываецца. Стараліся быць усе разам, падтрымліваць адно аднаго, адказваць блізкім і сябрам, якія пісалі і пыталіся, як мы», — распавядае Кацярына.

Пазней, калі людзі пачалі разыходзіцца па дамах, цэнтр горада быў ачэплены паліцыяй.

Як Кракаў перажывае наступствы стрэльбы

Беларускі гід у Кракаве Глеб Лепейка кажа, што на наступны дзень пасля трагедыі ў горадзе было даволі спакойна. Паводле яго слоў, ён прыемна ўражаны тым, як спрацавалі службы і як паводзяць сябе людзі:

«З таго, што я бачу, усё даволі спакойна. Я пад прыемным уражаннем ад таго, як спрацавалі службы і як паводзяць сябе людзі. У сувязі з жалобай усе мерапрыемствы адмененыя, людзі проста гуляюць па вуліцах. Сёння сонечнае надвор’е. Ніякай панікі не бачу, у сацсетках таксама. У цэлым на вуліцы быццам цішэй, чым звычайна, але гэта мне так можа здавацца».

Сам ён падчас стрэльбы знаходзіўся далёка ад цэнтра горада, але падзеі ўсё роўна моцна яго закранулі. А 15-й гадзіне, калі ў цэнтры адбываўся напад, Глеб пачынаў экскурсію па могілках.

«Мы нават нічога не чулі. І гэта сюррэалістычны досвед — праводзіць такую прагулку падчас тэракту ў цэнтры», — распавядае ён.

Пасля экскурсіі Глеб, які раней працаваў журналістам, узяўся збіраць інфармацыю, каб дапамагчы людзям разабрацца ў тым, што адбылося.

«Як былы журналіст, хоць былых не бывае, пасля экскурсіі сеў збіраць правераную інфармацыю, каб менш распаўзаліся чуткі. Цяжка на сэрцы ад усяго гэтага, а галава пачынала прыдумляць сцэнары, як я мог апынуцца ў цэнтры. Я там амаль штодня бываю. Сёння ўжо лягчэй», — кажа Глеб Лепейка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲