Z-прапагандысты: Вайна зайшла ў тупік, расіяне хочуць міру
5- 7.03.2026, 22:45
- 12,900
Рэпутацыя расійскіх уладаў «упала ніжэй плінтуса».
Украінскі журналіст Дзяніс Казанскі апублікаваў новае відэа, у якім разабраў выказванні расійскіх ваенных блогераў і прапагандыстаў пра ход вайны. Паводле яго слоў, нават самыя радыкальныя прыхільнікі Крамля ўсё часцей прызнаюць, што вайна супраць Украіны зайшла ў тупік і не прыносіць Расіі чаканых вынікаў, піша «Дыялог».
Людзі чакаюць сканчэння вайны
Адным з прыкладаў Казанскі называе заявы прапагандыста Івана Панкіна. У эфіры ён прызнаў, што расійскае грамадства стамілася ад зацяглай вайны і ўсё больш людзей чакаюць яе сканчэння.
Пры гэтым сам прапагандыст адзначае, што не можа адкрыта казаць пра праблемы, бо ў Расіі за такія словы можна пазбавіцца працы або нават атрымаць крымінальную справу.
Рэпутацыя ўпала ніжэй плінтуса
Яшчэ больш жорстка сітуацыю апісваюць ваенныя блогеры, якія не працуюць наўпрост на дзяржаўныя тэлеканалы. Так, Максім Калашнікаў заявіў, што рэпутацыя расійскіх уладаў «упала ніжэй плінтуса».
У тым ліку праз рэгулярныя ўдары ўкраінскіх ракет і беспілотнікаў па расійскіх рэгіёнах, уключаючы аб’екты ў глыбокім тыле. Паводле яго слоў, падобныя атакі дэманструюць слабасць сістэмы абароны краіны і падрываюць аўтарытэт кіраўніцтва.
Калашнікаў сцвярджае, што цяпер аб Расію «выціраюць ногі», а ўлада не можа адэкватна рэагаваць на тое, што адбываецца.
Вайна зайшла ў тупік
Яшчэ адзін расійскі ваенны карэспандэнт Юрый Котэнок таксама прызнаў, што вайна фактычна зайшла ў тупік.
Ён заявіў, што ў расійскай арміі няма сілаў для прарыву абароны Украіны, а тэмпы наступу настолькі нізкія, што прасоўванне да буйных гарадоў можа заняць гады або нават дзесяцігоддзі.
Асобнай праблемай ён назваў сітуацыю ў Чорным моры. Паводле слоў ваенкара, Чарнаморскі флот Расіі пасля серыі паспяховых удараў з боку Украіны вымушаны трымаць караблі ў бухтах.
Пры гэтым нават там украінскія марскія дроны працягваюць атакаваць расійскія караблі, што сур’ёзна абмяжоўвае іх магчымасці.
Котэнок таксама паскардзіўся на тэхнічныя праблемы ў арміі. Ідзе гаворка пра недахоп сучаснай тэхнікі, састарэласць сістэм узбраення і сур’ёзныя праблемы са сувяззю. Паводле яго слоў, на перадавой часам выкарыстоўваюць правадныя тэлефоны, падобныя да апаратаў сярэдзіны мінулага стагоддзя.