Украіна запускае экспарт зброі
- 28.04.2026, 20:47
- 1,800
Пра гэта паведаміў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 28 красавіка правёў пашыраную нараду па ключавых пытаннях экспарту ўкраінскай зброі. Пра гэта ён паведаміў у Telegram.
«Экспарт украінскай зброі будзе рэальным. Мы ўзгаднілі ўсе дэталі на ўзроўні нашых дзяржаўных інстытутаў. Цяпер наша экспертыза ў сферы бяспекі і зброя, правераная сучаснай вайной, цікавыя ўсім партнёрам, якія здольныя забяспечыць сабе рэальны ўзровень абароны нацыянальнай дзяржаўнасці і жыцця людзей», – адзначыў прэзідэнт.
Ён расказаў, што Украіна прапанавала партнёрам, якія ёй дапамагаюць, асаблівы фармат супрацоўніцтва Drone Deals – спецыяльныя пагадненні па вытворчасці і пастаўцы дронаў, ракет, снарадаў і іншых запатрабаваных відаў зброі, баявой тэхнікі, праграмнага забеспячэння, інтэграцыі з абароннымі сістэмамі партнёраў, а таксама забеспячэння ўкраінскай экспертызы і тэхналагічнага абмену.
Прэзідэнт апісаў, як будзе працаваць схема: рамкі пагадненняў спачатку будуць прапрацоўвацца на міждзяржаўным узроўні, пасля гэтага працэс будзе запускацца на ўзроўні дзяржаўных інстытутаў і вытворцаў.
Ён заявіў, што бюракратычныя працэдуры будуць спрошчаныя, пры гэтым неабходны экспартны кантроль застанецца. Украінскія вытворцы атрымаюць магчымасць выхаду на замежныя рынкі, але пры ўмове, што за Украінай застанецца права першай атрымаць неабходны аб’ём зброі.
У той жа час будзе складзены пералік краін, у якія экспарт зброі будзе забаронены з-за іх супрацоўніцтва з краінай-агрэсарам Расіяй.
«Профіцыт вытворчых магутнасцяў у Украіне па некаторых відах зброі дасягае 50%, і гэта прамы вынік нашых дзяржаўных інвестыцый у абаронную прамысловасць Украіны і нашага супрацоўніцтва з партнёрамі», – дадаў Зяленскі.