Стала вядома, калі летняе надвор'е прыйдзе ў Беларусь
- 1.05.2026, 15:25
- 1,038
У краіне рэзка пацяплее да +25.
Пасля красавіцкага халоднага і ветранага надвор'я з замаразкамі ў першыя майскія выхадныя чакаецца рэзкае пацяпленне, а ў асобных раёнах Беларусі слупок тэрмометра падымецца да 25-27 градусаў, паведамляе pogoda.by.
У суботу, 2 мая, у Беларусь паступіць цёплая паветраная маса з Заходняй Еўропы. Чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў. Уначы абяцаюць ад +1 да +7, але па паўднёва-ўсходняй палове краіны яшчэ будуць замаразкі ад 0 да -2. Удзень прагназуюць ад +15 на ўсходзе да +25 на захадзе.
У нядзелю і панядзелак, 3-4 мая, будзе яшчэ цяплей. Пры гэтым без дажджоў. Уначы на 3 мая паветра прагрэецца ад +3 да +9, а ўдзень беларусаў чакае летняе надвор'е: ад +19 да +26. 4 мая тэмпература паветра ўначы будзе ад +5 да +12, а ўдзень прагназуюць сапраўднае лета: ад +22 да +27.