Абвешчаны ўсе фіналісты «Еўрабачання-2026»
1- 15.05.2026, 9:15
- 2,144
Фінал адбудзецца ў суботу ўвечары.
У сталіцы Аўстрыі адбыўся другі паўфінал музычнага конкурсу «Еўрабачанне». Па выніках гэтага дня ў фінал праходзяць яшчэ 10 удзельнікаў. Фінал адбудзецца ў суботу ўвечары, піша Бі-бі-сі.
Хто прайшоў у фінал
Другі паўфінал быў не такі напружаны, як першы: палітычная складовая ў ім была зведзеная да мінімуму. У першым паўфінале частка гледачоў асвіствала ізраільскага спявака Ноама Беттана, іншыя скандавалі лозунгі ў яго падтрымку. У другім такога напружання ўжо не было, і ўсе фаварыты спакойна прайшлі ў фінальны раунд, адзначае музычны аглядальнік Бі-бі-сі Марк Сэвідж.
У фінал прайшлі 10 выканаўцаў:
Албанія (спявак Аліс, песня Nân);
Аўстралія (Дэльта Гудрэм, Eclipse);
Балгарыя (Дара, Bangaranga);
Кіпр (Антыгоні, Jalla);
Украіна (LELÉKA, Ridnym);
Чэхія (Даніэль Жыжка, Crossroads);
Данія (Сёран Торпегор Лун, Før Vi Går Hjem);
Мальта (Айдан, Bella);
Румынія (Аляксандра Кэпітэнеску, Choke Me);
Нарвегія (Юнас Лов, Ya Ya Ya).
У фінале да іх далучацца 10 пераможцаў першага паўфіналу (Ізраіль, Бельгія, Харватыя, Фінляндыя, Грэцыя, Літва, Малдова, Польшча, Сербія і Швецыя), а таксама Аўстрыя (як краіна — гаспадыня мерапрыемства), Вялікабрытанія, Францыя, Германія і Італія (як прадстаўнікі так званай вялікай чацвёркі музычных вяшчальнікаў).
Галоўным фаварытам лічыцца фінскі дуэт Лінды Лампеніюс і Пэтэ Паркконэна, у тройцы лідараў таксама выканаўца з Грэцыі Акілас (Акілас Мітылінеас) і аўстралійка Дэльта Гудрэм.
Дэльта Гудрэм, на думку крытыкаў, можа прэтэндаваць і на перамогу. «Яе песня, класічная балада ў стылі Селін Дыён, гарантавана спадабаецца як гледачам, так і журы прафесійных аўтараў песень, на долю якіх прыпадае палова агульнай ацэнкі», — лічыць музычны аглядальнік Бі-бі-сі.
Чарговы раз у фінал выйшла Украіна: з 2003 года прадстаўнікі краіны перамагалі ў конкурсе тройчы. На гэты раз з песняй «Рiдним» («Родны») выступае Вікторыя Лелека. Ураджэнка Дзняпрапятроўскай вобласці набыла музычны досвед у Германіі і пачынала як джазавая спявачка. З 2024 года яна запусціла свой праект DONBA₴GRL і выступала на многіх фестывалях, у тым ліку на Гластанберы ў Вялікабрытаніі.
Яе песню «Рiдним» аглядальнік Бі-бі-сі называе «пранікнёным пасланнем пра сілу і стойкасць».