«Ніхто і ніколі раней такога не рабіў»
- 3.07.2026, 22:08
- 2,694
Камандуючы ўкраінскай армейскай авіяцыяй назваў найскладанейшую аперацыю.
Прарыў украінскіх верталётаў у акружаны Марыупаль стаў найважнейшай, найскладанейшай і найбольш балючай аперацыяй армейскай авіяцыі за час поўнамаштабнай вайны.
Пра гэта ў сваім першым інтэрв’ю для liga.net расказаў камандуючы армейскай авіяцыяй Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны брыгадны генерал Павел Бардакоў.
«Ніхто і ніколі раней такога не рабіў: 120 км над варожай тэрыторыяй да аб’екта, акружанага сродкамі СПА як на моры, так і на сушы», – сказаў ён.
Палёты на «Азоўсталь» былі беспрэцэдэнтнымі па складанасці. Падчас гэтых рэйсаў украінскія лётчыкі дастаўлялі абаронцам Марыупаля сродкі сувязі, боепрыпасы, узбраенне, медыкаменты і іншыя неабходныя грузы, а таксама эвакуявалі параненых.
«Мы правялі гэтую аперацыю дарагой цаной, але тады паднялі баявы дух і перадалі абаронцам Марыупаля ўсё, што магло ім дапамагчы. Вывезлі параненых пабрацімаў. Гэта было варта прыкладзеных намаганняў», – падкрэсліў камандуючы.
Да ліку найбольш значных аперацый армейскай авіяцыі Бардакоў таксама аднёс:
- абарону Кіеўскай вобласці (там фактычна ў кругласутачным рэжыме працавалі борты ўсіх брыгад)
- вызваленне вострава Змяіны (па ацэнцы камандуючага, гэта было дзёрзкае і энергічнае ўзаемадзеянне са спецпадраздзяленнямі, артылерыяй і Паветранымі сіламі)
- налёт на Белгарад,
- падтрымка Сіл абароны падчас вызвалення Харкаўшчыны,
- баявыя дзеянні на поўдні Украіны.
«Зараз, акрамя асноўнай працы па падтрымцы пяхоты, мы таксама выконваем задачы СПА. Гэта таксама адна з нашых найважнейшых аперацый, якая працягваецца і цяпер», – дадаў Бардакоў.
Камандуючы армейскай авіяцыяй Павел Бардакоў расказаў, што напярэдадні поўнамаштабнага уварвання Украіне ўдалося вярнуць 15 баявых верталётаў, якія амаль 20 гадоў знаходзіліся ў арэндзе ў прыватнай кампаніі «Украінскія верталёты». Пасля паўторнай мілітарызацыі яны з першых дзён вялікай вайны выкарыстоўваліся для перакідкі вайскоўцаў, боепрыпасаў і грузаў.