Бермудскі трохкутнік зноў здзівіў навукоўцаў нечаканай знаходкай
- 16.05.2026, 15:28
- 1,726
Новая версія можа растлумачыць адну з галоўных загадкаў гэтага рэгіёну.
Бермудскі трохкутнік дзесяцігоддзямі заставаўся адной з самых загадкавых зон на планеце, вакол якой узнікалі сотні тэорый змовы. Нядаўна навукоўцы прадставілі новую версію, якая можа растлумачыць адну з галоўных загадкаў гэтага рэгіёну.
Гаворка не пра зніклыя самалёты ці суда, а пра самі Бермудскія астравы, якія, на думку геолагаў, увогуле не павінны былі заставацца над паверхняй акіяна так доўга. Пра гэта піша Lad Bible.
Чаму Бермудскія астравы не сышлі пад ваду
Вулканічныя астравы звычайна існуюць дзякуючы цяплу і актыўнасці глыбока пад зямной карой. Аднак вулканічная актыўнасць на Бермудскіх астравах спынілася каля 30 мільёнаў гадоў таму. Паводле класічных геалагічных мадэляў, за гэты час астравы павінны былі паступова апусціцца пад ваду.

Тым не менш Бермуды працягваюць узвышацца над акіянам і застаюцца домам для больш як 60 тысяч чалавек.
Даследчыкі Уільям Фрэйзер і Джэфры Парк на працягу больш як 20 гадоў вывучалі землятрусы ў гэтым рэгіёне і прыйшлі да нечаканай высновы. Паводле іх даследавання, апублікаванага ў часопісе Geophysical Research Letters, пад Бермудскімі астравамі знаходзіцца гіганцкая пліта з больш лёгкай вулканічнай пароды.
Вялізная «падушка» пад востравам
Навукоўцы высветлілі, што таўшчыня гэтага слаю дасягае прыкладна 19 кіламетраў. З-за меншай шчыльнасці пароды астравы літаральна ўтрымліваюцца на паверхні, быццам плывуць на гіганцкай вулканічнай платформе.
На думку даследчыкаў, гэтая структура ўтварылася пасля старажытнага вулканічнага вывяржэння мільёны гадоў таму і дагэтуль дапамагае астраваў захоўваць вышыню над узроўнем мора.

Уільям Фрэйзер адзначыў, што Бермудскія астравы даўно лічацца анамаліяй для геолагаў, бо многія працэсы тут не адпавядаюць звыклай мадэлі руху магмы ў мантыі Зямлі.
Знікненні ў Бермудскім трохкутніку
Нягледзячы на гучныя загалоўкі і папулярнасць містычных тэорый, навукоўцы працягваюць шукаць рацыянальныя тлумачэнні таму, што адбываецца ў рэгіёне.
Адну з найбольш абмяркоўваных версій раней агучыў акіянограф Сайман Боксол з Саўтгэмптанскага ўніверсітэта. Паводле яго слоў, у раёне Бермудскага трохкутніка могуць утварацца гіганцкія хвалі-забойцы.
Прычынай называюць сутыкненне магутных штармоў, якія прыходзяць з розных напрамкаў Атлантыкі і ўзбярэжжа Фларыды. Такія хвалі здольныя хутка знішчаць невялікія судны і ствараць надзвычай небяспечныя ўмовы для мараплаўства. Аднак яго тэорыя не тлумачыць таямнічыя знікненні самалётаў.