Беларускія жанчыны ўсё часцей замарожваюць яйцаклеткі
- 18.05.2026, 12:00
Лекары распавялі, колькі гэта каштуе.
Замарозка яйцаклетак у Беларусі паступова становіцца ўсё больш запатрабаванай паслугай.
Пра тое, колькі каштуе такая працэдура і ў якіх выпадках жанчыны вырашаюцца на яе, распавяла ў эфіры праўладнага СТВ акушэр-гінеколаг і рэпрадуктолаг Алла Зубарава.
Як адзначыла спецыялістка, праграма замарозкі яйцаклетак у сярэднім каштуе ад 3000 да 5000 беларускіх рублёў.
Кошт паслугі залежыць ад прэпаратаў, колькасці атрыманых яйцаклетак і асаблівасцяў праграмы.
За далейшае захоўванне яйцаклетак таксама трэба плаціць. Цяпер такая паслуга каштуе да 140 за паўгода.
Пры гэтым яйцаклеткі могуць захоўвацца больш за 10 гадоў, калі пацыентка працягвае аплачваць паслугу.
Як усё адбываецца
Спачатку жанчына праходзіць абследаванне і гарманальную стымуляцыю. Затым пад наркозам у яе бяруць яйцаклеткі і замарожваюць іх.
Калі пацыентка вырашае, што гатова да цяжарнасці, матэрыял размарожваюць, праводзяць апладненне і пераносяць эмбрыён.