Reuters: Масква пачала газавы шантаж Арменіі па «ўкраінскім сцэнары»
- 26.05.2026, 5:00
- 1,242
Крэмль пагражае пазбавіць Ерэван «прывабнай» цаны.
Расійскія ўлады прыступілі да газавага шантажу Арменіі, якая пачала збліжэнне з Еўрасаюзам. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Ерэван можа пазбавіцца «прывабнай» цаны на расійскі газ.
Пра гэта піша Reuters.
Пяскоў паведаміў, што «вельмі прывабная і больш чым ільготная» цана на расійскі газ даступная толькі для ўдзельнікаў «інтэграцыйных рамак» з РФ. Так ён пракаментаваў пагаршэнне адносін Масквы з Ерэванам.
Ён папярэдзіў, што пры адмове Арменіі ад інтэграцыі з РФ «цэнавая сістэма» для гэтай краіны будзе «зусім іншай».
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін таксама падымаў гэтае пытанне ў красавіку на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. Ён заявіў, што цяпер Ерэван плаціць каля $177 за тысячу кубаметраў расійскага газу, тады як у Еўропе кошт дасягае $600. «Розніца велізарная», — сказаў Пуцін. Ён таксама патрабаваў правядзення рэферэндуму ў Арменіі наконт уступлення краіны ў Еўрасаюз.
Варта адзначыць, што газавы шантаж РФ актыўна прымяняла супраць Украіны, спрабуючы ўтрымаць краіну ў арбіце свайго ўплыву. Калі ў 2014 годзе гэта не атрымалася, Масква пачала ваенную агрэсію.