Wildberries трапіў пад праверку МАРТ
- 29.05.2026, 18:47
Беларусы могуць паведаміць ведамству аб праблемах з маркетплейсам.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пачало працу па праверцы папулярнай гандлёвай пляцоўкі Wildberries, паведамляе прэс-служба ведамства.
Праверка мае планавы характар, а падчас яе правядзення спецыялісты МАРТ асаблівую ўвагу звернуць на тое, як пляцоўка выконвае беларускае заканадаўства ў сферы гандлю, цэнаўтварэння, антыманапольнага рэгулявання і абароны правоў спажыўцоў.
Дарэчы, кліенты фіялетавага маркетплейса могуць паведаміць МАРТ пра праблемы пры ўзаемадзеянні з пляцоўкай.
Для гэтага неабходна да 12 чэрвеня па электроннай пошце накіраваць ліст у ведамства. Таксама спецыялісты прымаюць прапановы беларусаў па паляпшэнні працы Wildberries.