Беларускаму байцу ММА нечакана забаранілі ўезд у Расію
8- 30.05.2026, 12:59
- 1,198
Спартсмен будаваў кар’еру ў Маскве, але ўмяшалася ФСБ.
Пяць гадоў таму баец з Полацка Віталь Паўлоўскі паехаў заваёўваць Маскву. За гэты час «здолеў там пабудаваць сваё жыццё, кар’еру і шмат чаго дасягнуць». Але, вяртаючыся нядаўна з адпачынку, ён даведаўся, што яму забаранілі ўезд у Расію паводле рашэння ФСБ. Пра гэта беларус расказаў у Instagram, піша «Зеркало».
Мінулым годам баец на паўгода паляцеў зімваць у Тайланд. Пасля вяртання ў маскоўскім аэрапорце яго чакаў сюрпрыз:
— Я вельмі доўга праходзіў пашпартны кантроль. Мне сказалі, што патрэбная дадатковая праверка. І прыкладна праз гадзіну чакання мне вынеслі паперку з пастановай ФСБ, што мне забаронены ўезд у Расійскую Федэрацыю бестэрмінова. Без тлумачэння прычыны. Я не ведаю, што я зрабіў. Нічога не сказалі, не патлумачылі.
Па словах Віталя, пасля гэтага яго яшчэ каля сутак утрымлівалі ў аэрапорце. А потым прапанавалі два варыянты: або вярнуцца ў Тайланд, або ляцець на радзіму. Баец выбраў другі варыянт і сам купіў квіток.
— Я сказаў, што палячу ў Мінск. Мяне нікуды не пускалі, усюды суправаджалі. Забралі пашпарт. Задавалі шмат пытанняў. Па прылёце ў Мінск мяне сустрэлі памежнікі з аўтаматамі. Пашпарт мне не аддавалі.
Але пасля невялікай праверкі Віталя ўсё ж такі адпусцілі. Прычыну ён так і не даведаўся. Падаў афіцыйную заяву, але адказу няма ўжо больш за месяц.
Цяпер ён звяртаецца па дапамогу і просіць парады:
— Я хлопец з Беларусі, які прыляцеў у Маскву і шмат чаго дасягнуў. У мяне там усё жыццё пабудавана.
Віталь Паўлоўскі — 25-гадовы баец ММА з Полацка, выступаў у лізе «Наше дело». Майстар спорту па кікбаксінгу і кандыдат у майстры спорту па тайскім боксе. Чэмпіён Рэспублікі Беларусь па кікбаксінгу.