Кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская сутыкнулася з цяжкай хваробай
- 6.05.2026, 10:13
- 1,050
Ёй патрэбна ваша падтрымка.
Кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская распавяла пра тое, што ў яе анкалогія, і цяпер у яе няма магчымасці аплачваць арэнду кватэры, набываць базавыя прадукты і аплачваць дарагія лекі. Неабходна сабраць 8500 еўра.
«Імя Галіны Казіміроўскай стала для многіх беларусаў сінонімам мужнасці. Сёння Галіна, якая перажыла арышт, допыты, суткі на Акрэсціна і вымушаную эміграцыю, сутыкнулася з ворагам, якога нельга перамагчы песняй, — з анкалогіяй. У 2020-м «Вольны хор» ператварыў музыку ў значны інструмент мірнага пратэсту. Пад скляпеннямі гандлёвых цэнтраў і на прыступках філармоній сотні галасоў спявалі пра свабоду, пакуль рэжым не прызнаў калектыў «экстрэмісцкім фармаваннем». Галіна з сямʼёй была вымушана з’ехаць у эміграцыю, як і многія з удзельнікаў хору, ад палітычнага пераследу.
Нягледзячы на каласальную занятасць, гэтая дзейнасць амаль не прыносіла Галіне даходу. Адзінай крыніцай сродкаў для жыцця былі прыватныя ўрокі вакалу. Але на пачатку гэтага года ўсё змянілася.
Дыягназ «анкалогія» стаў для Галіны тым выпрабаваннем, якое патрабуе нашай дапамогі і падтрымкі. Прайшоўшы праз шок і адмаўленне, яна прыняла выклік і змагаецца з хваробай з усіх сіл. Цяпер яна праходзіць курс хіміятэрапіі, наперадзе аперацыя і яшчэ курсы хіміятэрапіі і радыётэрапіі.
Кожны курс хіміятэрапіі — гэта знясільваючая бітва. На кожнае аднаўленне ідзе некалькі дзён, і толькі ты прыходзіш у сябе, як новая доза моцных прэпаратаў пазбаўляе цябе сіл. У такім стане Галіна не можа працаваць, і на дадзены момант проста не мае грошай на базавыя патрэбы сям’і — аплату жылля, харчаванне, а з двума непаўналетнімі дзецьмі гэтыя выдаткі моцна не скараціш.
Хіміятэрапія моцна паўплывала на стан здароўя ў цэлым. Таксічнасць «хіміі» разбурае печань і іншыя органы, пагаршае агульны стан і нясе з сабой шмат болю. На працягу ўсяго лячэння патрэбныя даволі дарагія лекі, якія дапамагаюць падтрымліваць арганізм, змяншаюць моцныя болі.
Галіна прывыкла разлічваць толькі на сябе. Але цяпер яна апынулася ў безвыходнай сітуацыі: хвароба пазбавіла яе магчымасці выкладаць, а гэта значыць — пазбавіла сродкаў да існавання.
Яна не мае магчымасці аплачваць арэнду кватэры, купляць базавыя прадукты і аплачваць дарагія лекі для аднаўлення арганізма паміж курсамі «хіміі». Каб працягваць лячэнне і перамагчы рак, Галіне патрэбная падтрымка на бліжэйшыя 6 месяцаў», — гаворыцца ў апісанні збору.
Сума збору была €8500:
€6300 — арэнда кватэры на 6 месяцаў + камуналка
€1700 — прадукты харчавання на 6 месяцаў
€500 — лекі
Дапамагчы Галіне Казіміроўскай па спасылцы